Лідэр салігорскай моладзі Іван Шыла 7 лютага прыняў вайсковую прысягу. Да яго ў частку ў дзень прысягі прыехала блізу трыццаці сяброў і паплечнікаў.

З усіх трох палітычных навабранцаў зімовага прызыву‑2009 Івана Шылу закінулі ў самую цяжкадаступную з Мінску вайсковую частку — што ў вёсцы Межыца. Каб туды дабрацца, трэба ехаць віцебскай трасай да Лепеля, там павяртаць на Воршу, дабірацца да вёсачкі Заслонава, дзе месціцца яшчэ адна вайсковая частка (з якой, дарэчы, нядаўна дэмабілізаваўся перакладчык «Байцоўскага клубу» Сяржук Мядзведзеў).

За пяць кіламетраў на поўнач ад Заслонава і стаіць Шылава 29‑я зенітна‑ракетная брыгада.

Гэта самая мяжа Лепельскага і Чашніцкага раёнаў. Мясціны глухія і маланаселеныя.
Ад сталіцы 175 кіламетраў.

У Межыцы вы адразу пабачыце доўгі бетонны плот — гэта і ёсць вайсковая частка. Людзей на прысягу прыехала вельмі многа, утварылася ці не кіламетровая чарга машын. Напярэдадні палохалі, што будуць пускаць толькі па чатыры чалавекі да кожнага прызыўніка. А да аднаго толькі Шылы прыехала трыццаць. Аднак пусцілі ўсіх. Салдат на КПП доўга ўглядаўся ў важкі том гістарычных твораў Юр’я Туронка і іншыя кніжкі, прывезеныя Івану сябрамі, але ўрэшце даў дабро пранесці іх у частку.

Прыехалі Іванавы бацькі, дзяўчына, паплечнікі па «Маладым фронце» з Мінску і Салігорску, праваабаронцы. Дзень прысягі — першая магчымасць паразмаўляць з хлопцам, раней сваякоў у часткі не пускаюць.

Дый ніхто і не ведаў, ці будзе гвалтоўна забраны ў войска Іван прымаць прысягу. Мо адмовіцца, як Зміцер Жалезнічэнка? На пляцы, сярод дзясяткаў падобных навабранцаў заўважыць Івана было цяжка. Многія разгледзелі яго, толькі калі ён пачаў прамаўляць: «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь...»

Шыла прысягаў апошнім з свайго падраздзялення. Перад ім прымаў прысягу прызыўнік Аляксандр Аляксандравіч Лукашэнка.
Адразу вярнуцца ў шэраг пасля прысягі Івана не адпусцілі. Афіцэры нешта яму доўга расказвалі, відавочна спрабавалі падбадзёрыць. Было бачна, што страявая ў хлопца яшчэ не дасканалая. Вядома ж, прабыў у частцы менш за два тыдні.

А потым салдатам далі чатыры гадзіны вольнага часу: пабыць з сваякамі і сябрамі. Шыла застаўся верны сабе — мінімум эмоцый і словаў. Нават усмешку на ягоным твары злавіць было досыць складана. Усё такі ж задуменны, сканцэнтраваны, толькі паголены налыса і ў вайсковай форме.

Пабачыўшы меншага брата Іллю, гукнуў: «Гэй, гэта ж мае красачы». «У цябе цяпер не красачы, а кірзачы на паўтара году», — адрэагаваў брат.

Пасля прысягі да бацькоў падышоў высокі палкоўнік з Мінску, пачаў супакойваць іх, казаць, што з Іванам усё будзе добра. Стараўся гаварыць па‑беларуску.

Ставіў у прыклад былога лідэра «Моладзі БНФ» Алеся Каліту, якога назваў найлепшым салдатам часткі.

Праз колькі хвілінаў выйшаў і сам Алесь. За паўгоду службы Каліта добра так вымахаў у плячах. У 20‑х чыслах лютага яму павінны даць лычкі малодшага сяржанта. Хлопец размаўляе з салдатамі і афіцэрамі па‑беларуску.

Пра службу Каліта адгукаўся толькі станоўча.

Іван кажа, што ў санчастцы (трапіў з ангінай) займаў час тым, што чытаў часопіс «Нёман», які ідзе ў вайсковыя часткі па падпісцы, «Советскую Белоруссию», «Белорусскую военную газету». Усе выданні багата месца выдзяляюць апазіцыі. Каліта ж, напрыклад, выпісвае ў частку «Нашу Ніву», ніякіх праблем з гэтым няма.

Шыла пісаў дзённік, а таксама лісты. Кажа, у санчастцы нагледзеўся, што ў войска прызываюць хлопцаў з самымі рознымі захворваннямі. Афіцэры ўгаворваюць іх прыняць прысягу, а накіраваць на пераабследаванне абяцаюць потым. Шылу таксама ўгаварылі прысягнуць, паабяцаўшы ў маі адпачынак, каб здаў школьныя экзамены.

У частку салігорца везлі ў кайданках. У тым самым мікрааўтобусе ехала здымачная група БТ. Была яна і на прысязе. Таксама былі дзіўныя людзі ў цывільным, якія адварочваліся ад фотакамер. «Думаў, што хоць у войску не будзе такіх, але ж і тут во ёсць», — смяецца Іван.

Ад панядзелка пачнуцца нарады. Увогуле,

Шыла не скардзіўся на ўмовы, хіба толькі зазначыў, што рэдка водзяць у лазню.
Зрэшты, да патрабаванняў таксама прыслухоўваюцца. У рацыёне сталовай быў сок, але яго не давалі. Варта было толькі закрануць гэтае пытанне, каб сок на сталах з’явіўся.

Неафіцыйны пасыл ад афіцэраў да Шылы таксама быў простым: «Ты не ствараеш нам праблемаў, мы не ствараем табе». Кажа, з ім адзіным афіцэры не размаўляюць матамі. Праблема «дзедаўшчыны» для часткі таксама не актуальная.

Расказвае, што саслужбоўцы абсалютна не ведаюць гісторыі з ягоным прызывам, нічога не ведаюць і пра апазіцыю. Да яго беларускай мовы ставяцца досыць станоўча. «Хапае і такіх, чыя натуральная мова вельмі набліжаная да літаратурнай беларускай, але яны на маю беларускую рэагуюць найбольш негатыўна», — кажа салдат. З 147 навабранцаў толькі трое маюць вышэйшую адукацыю. Большасць — вясковыя хлопцы.

Па тэлефоне Іван абмяняўся першымі ўражаннямі ад вайсковай службы з іншымі палітпрызыўнікамі — Франакам Вячоркам і Змітром Хведаруком. Бліжэйшая задача — налаўчыцца завязваць анучы і падшываць каўнерыкі.

Адведзены для спатканняў час выйшаў. За вонкавым Іванавым спакоем хаваўся сум. Да дэмбеля засталося 528 дзён.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?