У Беларусі адменена неабходнасць рэгістрацыі цэн (тарыфаў) на новыя тавары (работы, паслугі), за выключэннем тарыфаў на новыя платныя медыцынскія паслугі.Лукашэнка падпісаў 6 лютага адпаведны ўказ нумар 70, якім унесены змяненні і дапаўненні ва ўказ ад 19 мая 1999 года нумар 285, паведамілі БЕЛТА у прэс‑службе кіраўніка дзяржавы.
Як растлумачылі ў прэс‑службе, гэта рашэнне дасць магчымасць знізіць дакументаабарот, больш аператыўна ўкараняць новыя віды прадукцыі. У цэлым, дакумент накіраваны на ўдасканаленне дзеючай сістэмы цэнаўтварэння, скарачэнне сферы цэнавага рэгулявання, спрашчэнне адміністрацыйных працэдур у галіне цэнаўтварэння.
На індывідуальных прадпрымальнікаў (за выключэннем тых, якія аказваюць платныя медыцынскія паслугі) не будзе распаўсюджвацца патрабаванне аб неабходнасці захавання гранічных індэксаў змянення адпускных цэн (тарыфаў) і іх рэгістрацыі.
Указам адменены абавязак юрыдычных асоб, індывідуальных прадпрымальнікаў складаць эканамічныя разлікі абгрунтавання цэн пры аказанні платных медыцынскіх паслуг,калі змяненне адпускных цэн (тарыфаў) на вырабленыя тавары (работы, паслугі) ажыццяўляецца ў памеры, які не перасягае гранічных індэксаў змянення адпускных цэн (тарыфаў), устаноўленых Саветам Міністраў, а таксама пры рэалізацыі вырабленай імі сельскагаспадарчай прадукцыі.
З пераліку тавараў (работ, паслуг), цэны (тарыфы) на якія рэгулююцца Саветам Міністраў, рэспубліканскімі органамі дзяржаўнага кіравання і іншымі дзяржаўнымі арганізацыямі, падпарадкаванымі ўраду, Нацыянальным банкам, выключаецца шэраг тавараў і паслуг, якія не з’яўляюцца сацыяльна важнымі.
Акрамя таго, правы на прыняцце рашэнняў па рэгуляванню асобных цэн (тарыфаў) перадаюцца органам дзяржаўнага кіравання, у кампетэнцыі якіх знаходзіцца асноўнае кола пытанняў, звязаных з вытворчасцю тавараў (аказаннем паслуг). Гэта дасць магчымасць праводзіць больш гібкую цэнавую палітыку пры ўстанаўленні цэн і тарыфаў.
Указ уступае ў сілу з дня яго афіцыйнага апублікавання.