Папераджальны гудок Фальксвагена, які своечасова заўважыў небясьпеку для спадарыні Пяткевіч, навёў на думку больш шырокага маштабу – пра жаночы фактар рэжыму Лукашэнкі.
Вельмі цікавая тэма – жанчыны, якія атачаюць прэзыдэнта. Што гэта за асобы?
Здаецца, заўважныя два тыпы.
Першы - «жалезабэтонныя лэдзі». Тыя, чые прозьвішчы мы можам узгадаць. Першая ў іх ліку, відаць, тая самая Пяткевіч. Самаўпэўненая да неверагоднасьці. Жанчына, якае мае талент камандаваць паўсюль - нават у тых сфэрах, дзе яўна яўна не разьбіраецца (кажуць, яна любіць/любіла даваць парады нават тэхнічнаму пэрсаналу перад выступамі). Магчыма, гэта такая тактыка-стратэгія. Інакш на вярхушку такой пакручастай уладнай піраміды не ўскараскацца. Ярмошына, здаецца, таксама належыць да гэтай катэгорыі. Жураўкова з таго самага цеста. Гэтыя жанчыны, безумоўна, валодаюць харызмай – але харызма гэтая не для электарату, а для ўнутранага карыстаньня. Не сумняюся, што і Пяткевіч, і Жураўкова, і Ярмошына адным сваім словам ці нават поглядам здольныя прывесьці ў паралюш любога мужыка-чыноўніка.
Другі тып - «загадчыцы райаддзелу», «бабішчы», «прадставіцельніцы ад жэншчын». Тыя, хто стварае гендэрную статыстыку ў парлямэньце. Тыя, хто сядзяць у кабінэтах ува ўсялякіх там міністэрствах, райсабесах, гаркамах і г.д. Кабеты з аднолькавымі начасанымі прычоскамі з ухілам у гігантаманію, чырвонымі наманікюранымі кіпцюрышчамі, з аднолькавымі тварамі, дужымі галасамі ды паставай а-ля «я шафа, празь мяне не перапрыгнеш» (цяпер, праўда, на дамачках ужо пачаў зьяўляцца лёск – адпаведнае матэрыяльнае заахвочваньне спрыяе). Ня ў выглядзе справа, натуральна. Але бясспрэчна тое, што ўсе яны на адзін твар, на адзін голас. Сілішча, дарэчы, страшная. Непрабіўная сьцяна, якая ўмее зірнуць на простага чалавека са свайго чынавенскага сталу гэтак, нібыта цябе ўвогуле няма. А пад час палітычных кампаніяў гэты батальён у спадніцах становіцца парканам у выглядзе загадчыцаў выбарчых камісіяў.
Не сумняюся, што дома жанчыны рэжыму (прынамсі, іх большасьць) - абсалютна нармальныя кабеты. Відаць, тут і схаваны ключык да сэрцаў прэзыдэнцкіх амазонак.
nearBY