11 лютага ў Берліне кіраўнікі МЗС Рэспублікі Беларусь і ФРГ Сяргей Мартынаў і Франк‑Вальтэр Штайнмаер абмяркуюць адносіны Беларусі і Еўрасаюза, а таксама актуальныя рэгіянальныя і міжнародныя пытанні, паведамляе прэс‑служба МЗС Германіі.

Адбудзецца таксама абмен нотамі для падпісання пагаднення аб аздараўленчых паездках беларускіх дзяцей у ФРГ у рамках праграмы для пацярпелых у выніку аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Апрача таго, беларускі ўрад падпіша ўстаноўчыя дакументы і стане 76‑й краінай‑членам Міжнароднага агенцтва па аднаўляемых крыніцах энергіі.

Міжнароднае агенцтва па аднаўляемых крыніцах энергіі (International Renewable Energy Agency — IRENA) было заснавана 26 студзеня 2009 года ў Боне. Мэта агенцтва — пашырэнне выкарыстання аднаўляемых крыніц энергіі, у тым ліку сонечнай і ветравой энергіі, а таксама даследаванне і развіццё такіх крыніц у прамысловых краінах і краінах, што развіваюцца.

Як БелаПАН паведамляў раней, 10—12 лютага С.Мартынаў знаходзіцца з візітам у Берліне. Запланаваны яго перамовы з прэм’ер‑міністрам федэральнай зямлі Брандэнбург Маціясам Платцэкам. З кіраўніцтвам Усходняга камітэта нямецкай эканомікі, прадстаўнікамі палітычных і дзелавых колаў Германіі кіраўнік МЗС Беларусі абмяркуе перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва дзвюх краін з акцэнтам на гандлёва‑эканамічны складальнік.

Апрача таго, праграмай знаходжання прадугледжаны выступленне С.Мартынава з дакладам у германскім таварыстве знешняй палітыкі пра будучае дыялогу Беларусь—ЕС, а таксама сустрэча з вядучымі германскімі экспертамі, прадстаўнікамі дэпутацкага корпуса і федэральных ведамстваў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?