Старшыня Вярхоўнага суду Валянцін Сукала на прэс‑канферэнцыі 11 лютага пракаментаваў выпадак з забойцамі падпальшчыка ў палескай вёсцы Пухавічы.

Нагадаем, што Лукашэнка асабіста звярнуўся да сп.Сукалы са словамі: «Я папрасіў бы, каб вы лаяльна вялі гэтую крымінальную справу. І вельмі вас прашу, пастаўцеся як да сваіх родных людзей. Калі ўжо мужыкі на гэта пайшлі, напэўна, яны сапраўды абураныя былі, і ўсё ж простыя людзі на іх баку. Калі трэба прыняць рашэнне ў рамках заканадаўства, я гатовы прыняць, але мне падаецца, вы без мяне там прымеце рашэнне. Гэтых людзей трэба адпусціць, весці следства, няхай гэтае следства ідзе. І нават прашу публічна, не саромеючыся, суд, каб вы вельмі ўважліва паставіліся, і калі ёсць магчымасць, падтрымалі гэтых людзей. Нельга іх саджаць! Што гэта — вялікі чалавек загінуў? Па турмах туляўся, прыйшоў і яшчэ тэрарызуе цэлую вёску».

Валянцін Сукала заявіў: «Кіраўнік краіны звярнуўся з просьбай аб’ектыўна разгледзець гэтую справу. Суды штогод атрымліваюць сотні падобных просьбаў вусных і пісьмовых. Лукашэнка павёў сябе карэктна і паважліва, ніякага ціску з ягонага боку не было. Нічога надзвычайнага ў ягоных словах няма. Гэта дастаткова нялёгкая жыцейская сітуацыя. Просьба кіраўніка краіны будзе ацэненая судом», — сказаў В.Сукала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?