Пра прычыны, вынікі і сьляды іранскае рэвалюцыі 1979 году, а таксама пра Менскі камітэт партыі ТУДЭ піша Сяргей Богдан.

11 лютага адзначаецца 30‑я гадавіна Ісламскай рэвалюцыі ў Іране. Пасьля таго, як у 1979 годзе ў краіне быў скінуты дэспатычны рэжым шаха Мухамада Рэзы Пагляві, адзін зь вядомых шыіцкіх рэлігійных вучоных, аятала Хамэйні, распачаў у Іране будаўніцтва спраектаванай ім новай мадэлі дзяржавы – ісламскай рэспублікі, то бок гаспадарства, дэмакратычныя працэсы ў якім адбываюцца пад наглядам шыіцкіх рэлігійных вучоных. Гэта быў новы этап у гісторыі краіны, якая адвечна існавала як манархія.

Сіла і бясьсільле шахіншаха

Апошняя іранская дынастыя Пагляві, праўленьне якой пачалося пасьля І сусьветнай вайны пад папулярнымі лёзунгамі аднаўленьня незалежнасьці Пэрсіі і мадэрнізацыі, на пачатку 1940‑х гадоў паставіла на Гітлера. Гэта стала прычынай уварваньня войскаў антыгітлераўскай кааліцыі ды аслабленьня самога інстытуту манархіі пасьля ўстараненьня заснавальніка дынастыі – Пагляві‑бацькі – і ўзьвядзеньня на пасад слабога, бо зусім маладога і недасьведчанага Пагляві‑сына.

Пасьля сыходу ў сярэдзіне 1940‑х савецкіх, брытанскіх і амэрыканскіх сілаў высьветлілася, што за лібэральныя часы акупацыі ў краіне сфармавалася моцная апазыцыя манарху і двару з боку нацыяналістычных, рэлігійных і левых сілаў. У той самы час малады шах быў вымушаны абапірацца на падтрымку замежных хаўрусьнікаў.

Адным з ключавых момантаў у перадгісторыі рэвалюцыі сталі падзеі пачатку 1950‑х гадоў, калі адукаваны на Захадзе нацыяналіст‑прэм’ер Мухамад Масадэк паспрабаваў пачаць у Іране эканамічныя і сацыяльныя рэформы і адмовіцца ад апоры на замежжа.
Найважнейшым пунктам яго палітыкі стала спроба зьмяніць становішча ў ключавой для Ірана нафтавай галіне праз перагляд рабаўніцкіх дамоваў з ангельскай нафтавай кампаніяй (якія пакідалі Ірану мізэрную частку прыбыткаў ад здабычы нафты). Незгаворлівасьць ангельцаў, фактычна, не пакінула месца для іншых рашэньняў апроч нацыяналізацыі.

Нацыяналістычная апазыцыя ў парлямэнце на чале з Масадэкам дамаглася прыняцьця закону аб нацыяналізацыі, які выклікаў тады на Захадзе ня меншае абурэньне, чымся цяперашняя атамная праграма Ірану – гучалі нават прапановы аб брытанскім уварваньні, каб спыніць «чырвонага» Масадэка, які, маўляў, пагражае ўсяму Вольнаму сьвету.

Праўда, зьнясіленая нядаўняй сусьветнай вайной і бясконцымі каляніяльнымі канфліктамі Брытанія на пачатку 1950‑х ужо не магла сабе такое дазволіць. На вайсковае ўмяшаньне не пагаджаліся і ЗША, якія пачалі пераймаць месца Брытаніі ў Іране. Супольнымі амэрыканска‑брытанскімі намаганьнямі вырашэньне праблемы Масадэка, які да таго часу стаў прэм’ерам і ўпарта праводзіў нацыяналістычную палітыку, было знойдзенае ў іншым вымярэньні. Справа ў тым, што адначасова з праблемамі ў дачыненьнях Ірану з Захадам нарастала супрацьстаяньне паміж кіраўніком ураду і амбітным маладым шахам.

Лёндан і Вашынгтан паставілі на шаха, каб з апорай на яго прыбраць упартага прэм’ера. Шах ахвотна на тое пагадзіўся: пад ціскам нацыяналіста Масадэка шаху двойчы прыходзілася наагул уцякаць з краіны. Амэрыканцы і брытанцы прапанавалі шаху дапамогу ў аднаўленьні яго на паўліньнім троне пэрсідзкай манархіі і зладзілі ў жніўні 1953 году пераварот, скінуўшы Масадэка.

У краіне ўсталяваўся паліцэйскі рэжым праамэрыканскага шаха. Але нават нацыяналістычныя міты пра 2500‑годзьдзе іранскай манархіі не ўратавалі шаха ад абвінавачаньняў у арганізацыі путчу і патураньні амэрыканцам (напрыклад, усім амэрыканцам‑спэцыялістам і іх сямейнікам быў нададзены фактычна дыпляматычны імунітэт).

Шах, які сьціпла называў сябе «Сьвяцілам арыйцаў», не цярпеў ніякай апазыцыі.

Душачы левых і пасьлядоўнікаў Масадэка – Нацыянальны фронт – рэжым позна зьвярнуў увагу на ўмацаваньне рэлігійнай апазыцыі і яе пераўзбраеньне папулярнымі левымі і нацыяналістычнымі лёзунгамі.

Дынастыя Пагляві трымалася, пакуль цяклі велізарныя прыбыткі ад гандлю нафтай, што дазвалялі купляць ляяльнасьць народных масаў субсыдыямі і імпартаванымі таварамі. Сіла шаха заставалася ў нафце, бо шахава мадэрнізацыя, т. зв. «Белая рэвалюцыя шаха і народа», аніяк не змагла індустрыялізаваць і разьвіць адсталую краіну за два з паловай дзесяцігодзьдзі.

Калі сусьветныя цэны на нафту грымнуліся, прыйшоў 1978 год – год пачатку рэвалюцыі. Краіна паўстала.
У хваляваньнях загінулі тысячы людзей, разгалінаваны апарат спэцслужбаў і войска дазволіў Пагляві пратрымацца яшчэ да студзеня 1979 году.

Ісламскую рэвалюцыі напачатку даволі прыхільна прынялі на Захадзе, артыкулы ў яе падтрымку пісаў, сярод іншых, францускі філёзаф Мішэль Фуко. Рэзка ўсё зьмянілася, калі маладыя рэвалюцыянэры, баючыся паўтору 1953 году (тады шах таксама быў уцёк з краіны, але амэрыканскія і ангельскія дыпляматы здолелі арганізаваць пераварот супраць Масадэка, нават нягледзячы на ўсеагульную падтрымку нацыяналістычнага прэм’ера), захапілі амэрыканскую амбасаду. Лягічным вынікам была татальная дэманізацыя ЗША ў Іране, а Ірану – у Амэрыцы, якая цягнецца і дагэтуль.

Пасьля рэвалюцыі

Хаця ўжо ў 1980 годзе рэвалюцыя апынулася пад пагрозай у выніку ўварваньня войскаў Садама Хусэйна, тым ня менш яна ўтрымалася. За пасьлярэвалюцыйны час краіна кардынальным чынам зьмянілася.

Новыя іранскія ўлады здолелі фарсіраваць ход мадэрнізацыі, распачатай шахам, а таксама зьдзейсьніць сацыяльную трансфармацыю. Сёньняшні Іран усё яшчэ залежыць ад нафты, але мае фактычна ўсе галіны прамысловасьці, уласную навуку, атамную і касьмічную праграмы.

Доля прамысловасьці ў ВУП краіны пасьля рэвалюцыі вырасла ў разы, хаця эканоміка па‑ранейшаму задушаная дыктатам ураду, які дзякуючы велізарным прыбыткам ад энэрганосьбітаў, можа сабе дазволіць пагарджаць здаровым эканамічным сэнсам.

У палітычным сэнсе Іран, як і Ізраіль, ды яшчэ Турэччына, зьяўляецца адзінай краінай Блізкага Усходу, у дачыненьні да якой, хоць і з абмежаваньнямі, можна выкарыстаць тэрмін «дэмакратыя».

Палітычныя працэсы ідуць пад наглядам духавенства, але тамтэйшая палітыка шмат больш плюралістычная, чым беларуская.
Кандыдаты ад тых ці іншых уладных груповак перыядычна правальваюцца на выбарах – так было на апошніх прэзыдэнцкіх выбарах з кансэрватарамі кшталту Лярыджані, а таксама з самым багатым чалавекам Ірану, былым прэзыдэнтам Рафсанджані. Агульнанацыянальныя апазыцыйныя газэты выходзяць шматтысячным накладамі каляровым друкам на паўсотні старонак кожны нумар штодня і прадаюцца ў кожным шапіку.

Разбудаваная інфраструктура дазволіла інтэграваць усе правінцыі, палепшыць жыцьцёвыя стандарты – правесьці электрычнасьць, ваду, газ. Вырас адукацыйны узровень, у кожным горадзе паявіўся ўнівэрсытэт. Жанчыны, калі глядзець па эўрапейскіх мерках, безумоўна жорстка дыскрымінуюцца, але па мерках рэгіёну толькі ў ізраільскіх і турэцкіх жанчын правоў больш.

Адмоўны імідж Ірану сёньня зьвязваюць з замежнай палітыкай, яе выразным нацыяналізмам і нават пэўным імпэрыялізмам. Справа ў тым, што Іран заўжды быў імпэрыяй, а тысячагадовая гісторыя пэрсыдзкай імпэрскай магутнасьці прасякае сам народны мэнталітэт. У гэтым кантэксьце іранскае ўмяшаньне ў Аўганістане, Іраку і астатніх краінах Блізкага Ўсходу цалкам натуральнае, бо гэта сфэра жыцьцёва важных нацыянальных інтарэсаў краіны. Апошні шах таксама гадамі трымаў свае войскі на поўначы Іраку ды ў Амане. Любы ўрад Ірану будзе з падозраньнем паглядаць і на Ізраіль, які мае наймацнейшае войска ў рэгіёне ды адзіны валодае атамнай зброяй.

Рэвалюцыя і пачаткі іранскай дыяспары ў Беларусі

Ісламская рэвалюцыя 1979 году спрычынілася да зьяўленьня ў Беларусі даволі заўважнай, як для такой аддаленай краіны, іранскай грамады зь левых палітэмігрантаў.

Калі імам Хамэйні пачаў кансалідаваць уладу і пазбаўляцца ад спадарожных палітычных рухаў, пад удар трапілі многія левыя арганізацыі, у тым ліку самая буйная партыя на Блізкім Усходзе – створаная ў 1940‑х гадох пры садзейнічаньні СССР фактычна камуністычная партыя Народная партыя ТУДЭ. Пасьля забароны ў 1983 годзе партыі ТУДЭ Савецкі Саюз прытуліў тысячы чальцоў партыі ды блізкіх да яе арганізацыяў. Іх расьсялялі па розных рэспубліках Саюзу, прыкладна паўтысячы іранскіх левых палітэмігрантаў прыслалі ў пачатку 1980‑х і ў Беларусь.

Беларускія савецкія ўлады пасялілі значную частку іранцаў у асобным вялікім шматпавярховіку на менскім праспэкце Любімава.
Напачатку менскія іранцы спадзяваліся вярнуцца на Радзіму, калі ісламская рэспубліка падзе, а таму трымаліся разам, зьбіраліся на партсходы, існавала нават нешта накшталт Менскага камітэту партыі ТУДЭ. Калі пазьней высьветлілася марнасьць тых надзеяў, а савецкія органы перасталі дапамагаць іранскім таварышам падтрымліваць партыйную дысцыпліну, большасьць людзей зьехала на Захад, балазе большасьць мела адукацыю, а многія атрымалі ў Беларусі яшчэ і новыя дыплёмы.
Застаўся толькі вядомы менскім старажылам іранскі дом, у якім жыве цяпер мо пару іранцаў.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0