Да 200‑годдзя з дня нараджэння 16 прэзідэнта ЗША.

Dream car

Імя «Лінкольн» (менавіта так, з націскам на о) у маім дзяцінстве звязвалася, найперш, з маркай аўтамабіля, а не з прэзідэнтам ЗША, у гонар якога была названая серыя машын класу «люкс».

«Лінкольн Зефір Кантыненталь»— адна назва чаго каштуе! — я бачыў, вядома, толькі на малюнку. Адзін з сяброў майго дзядзькі калекцыянаваў выявы аўтамбіляў, якія пераздымаў з амерыканскіх часопісаў, завезеных у Савецкі Саюз кантрабандай. Фатаграфіі шыкоўных амерыканскіх машынаў 1940—1950‑х (dream cars) зрабілі на мяне незабыўнае ўражанне. Датуль адзіная машына, якую давялося бачыць і на якой нават удалося пракаціцца, быў «Масквіч» першага выпуску. Пра яго склалі ў народзе вершык: «Стары хрыч купіў «Масквіч», урэзаўся ў цягача — не засталося ні хрыча».

Аўтамабілі Lincoln у мінулым стагоддзі былі сярод самых прэстыжных у ЗША. Кампанію Lincoln Motor Company заснаваў у 1917 годзе ў Дэтройце легендарны Генры Ліланд, які перад тым заснаваў кампанію «Кадылак», што выпускала авіярухавікі. Ліланд назваў сваю аўтамабільную кампанію ў гонар прэзідэнта Аўраама Лінкальна.

У 1922‑м Ліланд быў вымушаны прадаць кампанію Генры Форду. Першая мадэль маркі Lincoln L мела 8‑цыліндравы рухавік і каштавала 5000 даляраў. Мадэль Lincoln Continental, якая пачала выпускацца ў 1955 годзе, каштавала ўжо 10 000 даляраў — прыкладна столькі, колькі славуты «Ролс‑Ройс».

У 1939‑м кампанія «Лінкальн» зрабіла першы ў гісторыі прэзідэнцкі лімузін — адмыслова для Франкліна Рузвельта. Пасля яго на «Лінкальнах» ездзілі прэзідэнты Трумэн і Эйзенхаўэр. Аўтамабілю Lincoln Continental convertible наканавана было назаўсёды ўвайсці ў гісторыю разам з прэзідэнтам Кенэдзі — у гэтым аўтамабілі яго застрэлілі 22 лістапада 1963 году. Ёсць, безумоўна, злая іронія ў тым, што Джон Кенэдзі загінуў у аўтамашыне імя Аўраама Лінкальна — першага з амерыканскіх прэзідэнтаў, якія сталі ахвярамі замахаў на забойства. Ён быў забіты стрэлам у галаву 15 красавіка 1865 году.

У 21‑м стагоддзі амерыканскія прэзідэнты будуць карыстацца лімузінамі фірмы «Кадылак». Апошняя мадэль з такіх бранаваных «Кадылакаў» упершыню была прадэманстраваная падчас інаўгурацыі Барака Абамы і атрымала назву Beast. Лічыцца, што дзякуючы новым тэхналогіям прэзідэнцкі аўтамабіль можа вытрымаць стрэл з гранатамёта і хімічную атаку.

Між іншага, прэзідэнт РБ карыстаецца «Мерсэдэсам». А вось ягоная ахова ездзіць на амерыканскіх «Крайслерах». Праўда, купленыя яны былі да сучаснага крызісу…

Сумленны Эйб

Прэзідэнт ЗША Аўраам Лінкальн нарадзіўся 12 лютага 1809 году. Акурат за 190 гадоў да гэтага галандскі карабель упершыню прывёз у брытанскую калонію ў Паўночнай Амерыцы рабоў з Афрыкі. Немагчыма ўявіць, як склалася б гісторыя ЗША, калі б не гэты факт.

Лінкальну ў гэтай гісторыі належыць гонар палітыка, які скасаваў рабста ў Амерыцы.

Ён нарадзіўся ў сям’і непісьменных фермераў, продкі якіх прыехалі з Англіі. Лінкальн вучыўся саматугам. Ён на памяць ведаў многія тэксты Бібліі, якія нярэдка з бляскам выкарыстоўваў у сваіх прамовах.

Падобна Леніну, у маладосці Лінкальн зарабляў на жыццё адвакацкай практыкай. Пры гэтым адмаўляўся браць ганарары з бедных кліентаў і заўсёды своечасова вяртаў пазыкі. За што заслужыў мянушку Сумленны Эйб. Ён быў, як кажуць амерыканцы, «сэлфмэйдмен» — чалавек, які сам сябе зрабіў. І гэта імпанавала выбарцам.

У юнацтве Лінкальн ваяваў у Ілінойсе з індзейцамі, якія не хацелі пакідаць свае родныя мясціны, атрымаў званне капітана. Яму, як і абсалютнай большасці амерыканцаў, нават да галавы не прыходзіла, што ў індзейцаў таксама могуць быць нейкія правы.

Рэспубліканская партыя, ад якой Лінкальн балатаваўся ў Сенат, а потым у прэзідэнты, выступала супраць рабаўладання. Але ж, выступаючы супраць рабства, палітык не лічыў, што неграм патрэбныя палітычныя і грамадзянскія правы. Ён выступаў толькі супраць распаўсюджання рабства ў паўночных штатах, бо гэта тармазіла развіццё эканомікі.

Перамога Лінкальна на выбарах у 1860 годзе раскалола краіну, хоць новы прэзідэнт і заявіў, што ён не збіраецца ўмешвацца ў справы рабаўладальніцкіх паўднёвых штатаў. У 1861 годзе пачалася Грамадзянская вайна. У 1865 яна скончылася паразай Поўдня, які выступаў за канфедэрацыю. Перамаглі федэралы Поўначы на чале з Лінкальнам.

Падчас вайны ён прыйшоў да разумення, што ЗША альбо стануць цалкам свабоднымі, альбо застануцца рабаўладальніцкай, адсталай і слабой краінай. У 1862‑м ён напісаў «Пракламацыю аб вызваленні рабоў». Яна стала потым асновай 13‑й папраўкі да Канстытуцыі, якая цалкам скасавала рабства ў ЗША. Папраўка пра свабоду слова была першай…

Не народ для ўраду…

У 1863 годзе, на адкрыцці нацыянальнага мемарыялу на месцы пахавання ўдзельнікаў Гетысбергскай бітвы, Лінкальн выступіў з найбольш вядомай сваёй прамовай. Тады ўпершыню прагучалі словы: «Мы павінны ўрачыста пастанавіць, што гэтыя смерці не будуць марнымі, і наш народ з блаславення Бога атрымае новую крыніцу свабоды, і гэты ўрад з народу, створаны народам і для народу, не памрэ на зямлі».

У ЗША ў апошнія гады пішуць і гавораць не толькі пра гераічны бок вайны. З абодвух бакоў тады загінулі больш за 600 тысяч чалавек. Многія дзеянні афіцэраў і жаўнераў у дачыненні да мірнага насельніцтва сёння назвалі б не інакш як вайсковымі злачынствамі.

Тым не менш, Лінкальн абвясціў амністыю для ўсіх канфедэратаў, за выключэннем галоўных кіраўнікоў.

У той самы час, у выніку здушэння паўстання Каліноўскага 1863—1864 гадоў, паводле прыблізных звестак, загінулі звыш 30 тысяч паўстанцаў. 148 чалавек былі павешаныя за ўдзел у паўстанні, звыш 12 тысяч — сасланыя ў Сібір. Царскі генерал‑губернатар Мураўёў‑Вешальнік увёў забарону на выкарыстанне лацінскага шрыфту і на друкаваныя тэксты па‑беларуску.

Ліквідацыя прыгоннага права ў Расіі зацягнулася ажно да сярэдзіны ХХ стагоддзя, калі сялянам у СССР нарэшце пачалі даваць пашпарты. У выніку грамадзянскай вайны і калектывізацыі загінулі мільёны людзей. Мільёны працавалі на будоўлях камунізму на правах рабоў, ва ўмовах, якія нават у жудасным сне не сніліся героям Гарыет Бічэр‑Стоў. (Дарэчы, яе раман «Хаціна дзядзькі Тома» дагэтуль забаронены ў некаторых штатах, паколькі неграў у ім называюць неграмі, а не «афраамерыканцамі»).

У год нараджэння Аўраама Лінкальна ў Англіі быў запатэнтаваны параход Фултана. Яшчэ ў маладосці Лінкальну давялося плаваць на колавых параходах па Місісіпі. Пры ім была пракладзена транскантынентальная чыгунка, якая злучыла Усходняе і Заходняе ўзбярэжжы ЗША. Пры Лінкальне эканоміка Злучаных Штатаў стала развівацца дынамічна, што дазволіла краіне стаць у ХХ стагоддзі самай магутнай у свеце.

У 1860‑я была закладзена сучасная банкаўская сістэма. (У 1866‑м на 2‑цэнтавай манеце ўпершыню з’явіўся надпіс In God We Trust, які стаў нацыянальным сімвалам ЗША. Гэтыя словы дагэтуль можна бачыць на даляравых банкнотах). Даляр сёння, вядома, не такі моцны, якім быў сто гадоў таму. Амерыканская фінансавая сістэма, як і капіталізм у цэлым, — не ідэальныя. Нішто не можа існаваць вечна, без зменаў.

Але нязменна захоўваюць сваё значэнне, як ні дзіўна, самыя эфемерныя, нематэрыяльныя, на першы погляд, рэчы. Напрыклад — словы пра ўрад, створаны народам і для народу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?