У карэйскім П’ёнчангу завяршыўся першы дзень чэмпіянату свету па біятлоне.

Упершыню сусветнае першынства праходзіць у Азіі. Летась трасы П’ёнчангу былі выпрабаваныя на этапе Кубку свету, а сёлета туды ўжо зляцеліся ўсе наймацнейшыя спартоўцы.

Перад суботнім стартам яшчэ не было вядома, ці выйдуць біятланісты на спаборніцтва, бо тэрмометр паказваў плюс 10 і снег імклівая таіў. Аднак з сюрпрызамі надвор’я атрымалася справіцца і атлеты выйшлі на старт спрынтарскіх гонак.

Першымі змагацца на 7,5 кіламетраў пачалі жанчыны. Нашы спадзевы найперш былі звязаныя з Даркай Домрачавай, якая сёлета ўжо тройчы трапляла на п’едэсталы этапаў Кубку свету. Аднак беларуска кепска страляла — аж 6 промахаў на 10 мішэняў. Як вынік толькі 53‑яе месца.

Найлепшай з нашых з адным промахам была Вольга Назарава — яна дзевятая. У Людмілы Калінчык 54‑ае месца, у Вольгі Кудрашовай — 73‑яе.

На подыум узышлі немкі Каці Вільхельм і Сімона Хаусвальд, а таксама расіянка Вольга Зайцава.

У мужчын усе тры медалі з’едуць у Нарвегію. Золата ў легендарнага Оле‑Эйнара Б’ёрндаліна, срэбра заваяваў Ларс Бергер, бронзу — Хавальвард Ханевольд.

У Сяргея Новікава 31‑ае месца, Аляксандра Сымана — 35‑ае, Рустама Валіўліна — 53‑яе, Яўгена Абраменка — 86‑ае.

Заўтра адбудуцца гонкі пераследу, дзе выступяць 60 першых біятланістаў па выніках спрынту. У жанчын гонка пачнецца а 10:00 па беларускім часе, у мужчын — а 12:15. За трансляцыямі можна назіраць на тэлеканалах «Лад» і «Еўраспорт».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?