Зымак Юліі Дарашкевіч
Жорстка разагнанае шэсце моладзі на дзень святога Валянціна. Гэта самы брутальны разгон за 13-гадовую гісторыю шэсцяў.
Глядзі таксама фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч
20:47 Зміцер Дашкевіч, Мікола Дземідзенка і Павел Кур'яновіч цяпер знаходзяцца ў Савецкім РУУСе, дзе маюць намер зняць пабоі. Кур'яновічу выклікалі хуткаю дапамагу.
19:28
Акцыя скончылася.
19:16 Каля двух дзесяткаў чалавек працягваюць стаяць ля "Лідо".
Канцэрт, што планаваўся а 20-й на Пляцы Волі, не адбудзецца.
19:03
Зміцер Дашкевіч у інтэрвію ""НН" заявіў па выніках акцыі:
"Тое, як паводзілі сёння сябе ўлады, найлепшым чынам сведчыць, наколькі шчыра Лукашэнка і яго атачэнне збіраецца праводзіць лібералізацыю.
Мы вось і на гэтую мірную акцыю мы прасілі дазвол у Мінгарвыканкаме. У акцыі не толькі адмовілі, але і жорстка разагналі. У Беларусі нічога не мяняецца. Ёсць толькі нейкія знешнія перамены для заходняга спажыўца.
Мы будзем пісаць зараз скаргі у пракуратуру, гарвыканкам, каб вінаватых пакаралі. Бо гэта самы жорсткі разгон акцыі за маёй памяццю. Збівалі нават дзяўчат.
Але мы будзем і далей працаваць, змагацца, але змагацца мірнымі метадамі".
19:00 Некаторыя журналісты таксама пацярпелі падчас разгону акцыі. Міліцыя не надта зважала на ўдзельнікаў, збівала ўсіх.
Зараз на плошчы некалькі чалавек.
18:57 Заганяюць усіх у метро. Досыць брутальна. Мікола Дземідзенка і Зміцер Дашкевіч спрабавалі ўскараскацца на бардзюр, што вядзе з метро, каб кіраваць ўдзельнікамі акцыі. Але іх сцягнулі, не цырымонячыся.
Спецназ пакідае месца акцыі. Але застаюцца людзі ў цывільным.
18:55 Міліцыя па рацыях перамаўляецца, што рабіць. Пакуль схіляецца, каб загнаць усіх у метро.
18:51 Міліцыя пачынае выганяць ўдзельнікаў акцыі ў іншы бок плошчы, у бок "Алімпу".
Зміцер Дашкевіч кажа, што гэта самы жорсткі разгон акцыі на ягонай памяці. "Што казаць, калі збівалі дзяўчат і дзяцей".
Дзяцей тут нямала. Напрыклад, Алесь Макаеў прыйшоў на акцыю з двума малымі сынамі.
18:48 Дашкевіча не затрымалі. Яго паднялі паплечнікі, вядуць дзяўчаты пад рукі. Зміцер выглядае вельмі кепска.
18:47 Дадзена каманда затрымаць Дашкевіча. Ён ляжыць на зямлі, яго жорстка збілі, вакол яго стаяць спецназаўцы. Падышлі звычайныя міліцыянты.
18:44 Жорсткі разгон акцыі.
Заламліваюць рукі, тварам кідаюць на машыны. Б'юць нават дзяўчат.
18:42 Міліцыя гоняць назад удзельнікаў акцыі.
Пачаліся патасоўкі, цяпер міліцыя ламае сцягі. Пачалося збіццё. Збіваюць акурат на гэтым заездзе з боку Чырвонай.
Павалілі Дашкевіча. Пару разоў ударылі нагамі, ён, дзякуй богу, вырваўся.
***
18:41 Стаянне працягваецца.
З другога боку ад Чырвонай таксама стаіць міліцыя.
18:39 Усё ж рызыкнулі перайсці дарогу. Моладзі каля 100 чалавек. Але АМОНаўцы стаяць непарушна. Абодва бакі стаяць твар у твар.
18:36 Калона спрабуе рушыць праспектам, але на рагу праспекта і павароту на Чырвоную іх не пускае АМОН. Ніхто не рызыкуе перайсці дарогу.
Стаяць і тыя, і другія.
18:28 Была паказана касцюмаваная сцэнка, прысвечаная Дню святога Валянціна. Пра жорсткага рымскага імператара, які забараняў святкаваць гэты дзень.
Цяпер фармуецца калона, каб рушыць праспектам Незалежнасці ў бок Кастрычніцкай плошчы.
18:18
Раздаюць білецікі. Кажуць, што ў канцы шэсця будзе разыгрывацца віктарына з прызамі.
18:12 З'явіўся на плошчы лідэр МФ Зміцер Дашкевіч, яго сёння превентыўна затрымлівалі, але потым адпусцілі.
На плошчы ўжо недзе пад сотню чалавек.
Пад'ехала міліцэйская машына з гукаўзмацняльнікам, кажуць, што за 250 м ля метро ладзіць акцыю нельга.
Моладзь запальвае бенгальскія агні.
18:06 З'явіўся міліцыянт у форме і з мегафонам, які кажа, што акцыя несанкцыянаваная і яе ўдзельнікі могуць быць прыцягнутыя да адказнасці.
Ёсць дзве расцяжкі: "Акцыя любові" і вялікая "Малады фронт".
Узнятыя тры бел-чырвона-белыя сцягі і адзін сцяг Еўрасаюза. У многіх сцягі накінутыя на плечы.
З "дарослых" Мікалай Статкевіч і беларускамоўны прадпрымальнік Алесь Макаеў. Прыйшоў Андрэй Кім.
На плошчы ўжо каля 60 чалавек.
Тут не толькі прадстаўнікі Маладога фронту, але і Моладзі БНФ, а таксама "Вольнай Беларусі".
18:03
На Якуба Коласа сабраліся чатыры дзесяткі чалавек, не толькі маладафронтаўцы, але і прадстаўнікі іншых дэмакратычных маладзёжных арганізацый.
Узняты бел-чырвона-белы сцяг, а таксама балонікі. Гукаюць "Жыве Беларусь". Расцягнулі расцяжку.
Багата людзей у цывільным. Яны ўсё фільмуюць. Афіцыйнай міліцыі ў форме пакуль няма.
Акцыя павінна прайсці ад плошчы Якуба Коласа да Кастрычніцкай плошчы.
Зміцер Панкавец
***
У сталіцы прайшлі ператрусы на кватэрах актывістаў МФ.
Супрацоўнікі міліцыі і невядомыя людзі ў цывільным пашкодзілі дзверы і ўварваліся ў кватэру, якую здымаў актывіст арганізацыі Мікалай Дземідзенка. Канфіскаваныя не толькі дакументы, якія тычацца "Маладога фронту", але і асабістыя рэчы, напрыклад, ноўтбук.
Позна ўвечары 13 лютага ў кватэру заяўніцы акцыі 14 лютага Кацярыны Галіцкай прыйшоў участковы міліцыянер. Калі дзяўчына адчыніла дзверы, ён выклікаў па тэлефоне супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС. Міліцыянеры правялі ў кватэры вобыск, ордэр на які яны не прад`явілі.
Супрацоўнікі міліцыі канфіскавалі бел-чырвона-белыя сцягі і сцягі Еўрасаюза, майкі з апазіцыйнымі лозунгамі і расцяжкі для акцыі 14 лютага. Затым з Галіцкай былі ўзятыя тлумачэнні адносна таго, што "канфіскаваныя рэчы рабілі ў яе кватэры", а таксама быў складзены пратакол аб "аглядзе месца здарэння".
Мінгарвыканкам не дазволіў "Маладому фронту" правесці 14 лютага ў Мінску акцыю з нагоды Дня святога Валянціна, аднак прадстаўнікі арганізацыі заявілі, што акцыя адбудзецца, перадае БелаПАН.