Сёння праваслаўныя адзначаць адно з вялікіх святаў — Стрэчанне Гасподняе. У народзе яго яшчэ называюць Грамніцы, а сімвалам гэтага свята і ў хрысціянскай, і ў народнай культуры выступае свечка, асвечаная ў храме ў гэты дзень.

Звычайна свечкі‑»грамніцы» людзі рыхтавалі загадзя. Тыя, хто трымаў пчол, выплаўлялі самыя вялікія свечкі, у каго пчол не было — куплялі жоўты воск у краме або ў знаёмых пчаляроў. Беларускі этнограф М.Я.Нікіфароўскі адзначаў, што грамнічныя свечкі былі «такога памеру, які дазваляў бы схаваць яе на грудзях пад верхняй вопраткай або ў рукаве і такім чынам утаіць ад чужых прысутнасць свечкі». Ён жа адзначаў, што свечка, памеры якой карацей за пяць вяршкоў (22 см) і таўшчынёй менш за мезены палец, не лічылася «грамніцай» і не магла надзейна засцерагчы яе ўладальнікаў. Найбольш тыповыя памеры былі наступныя: даўжыня прыкладна 10 вяршкоў (44 см), а таўшчыня — тры чвэрці вяршка (каля 3,5 см). Такія памеры былі абумоўлены практыкай гаспадарчай дзейнасці і той колькасцю абрадавых сітуацый, у якіх грамнічная свечка выступала ключавым атрыбутам.

Далей этнограф заўважае: «Яны захоўваліся ў розных месцах: у сенцах, у клеці, у свірне як простыя прадметы штодзённага ўжытку. У гэтым выпадку дазвалялася выкарыстоўваць падрыхтаваную свечку пры гасцявых, напрыклад, патрэбах, пры вячэрніх работах, але такая свечка ўжо не выкарыстоўвалася потым на грамнічныя патрэбы, а спальвалася пры будзённым ужыванні або, пераплаўленая, ішла на падрыхтаванне новай свечкі, дарылася беднаму, адносілася ў царкву, у капліцу».

Сёння хіба толькі пчаляры здольны зрабіць сапраўдную свечку‑»грамніцу» адпаведных памераў.

Часцей за ўсё свечкі купляюць у храмах, аднак у сувязі з тым, што яны значна меншых памераў, іх раяць браць тры і перавязваць «васьмёркай» пасмачкай вычасанага лёну.

Пасля вяртання дадому гаспадар неадкладна даставаў свечку, жонка запальвала яе і адбываўся незвычайны, але абавязковы абрад агністага крыжавання. Спачатку бацька абпальваў крыжападобна валасы на сваёй галаве, потым жонцы і ўсім астатнім членам сям’і па ўзросту. Па чарзе, пачынаючы ад старэйшых, да яго падыходзілі ўсе члены сям’і і судакраналіся з полымем, тым самым як бы далучаючыся да жыццядайнага нябеснага агню, які знішчае ў чалавеку ўсю брыдоту.

Пасля «вогненнага асвячэння» ўсіх дамачадцаў бацька ў суправаджэнні дзяцей абходзіў усе куты хаты, зноў жа крыжападобна выпальваючы нячыстую сілу. Знакам такога «выпальвання» заставаліся чорныя крыжы на бэльках або дзвярах.

Затым ён выходзіў у двор і выконваў той жа абрад ва ўсіх гаспадарчых пабудовах, за выключэннем лазні.

Акрамя гэтага, у некаторых рэгіёнах існавала наступнае рытуальнае дзеянне: у хлеў неслі грамнічную свечку і разломвалі‑разразалі яе на столькі частак, колькі жывёл там было. Такое дзеянне надзейна захоўвала хатнюю скаціну ад сурокаў.

Дбайныя гаспадыні стараліся ў такое вялікае свята выканаць асобныя дзеянні, скіраваныя на паляпшэнне дабрабыту і перасцярогу дамачадцаў:

Курам давалі больш аўса, каб яны лепш несліся, а яйкі былі больш смачныя. Прыказка сведчыла: «Кармі курэй аўсом — вясной і летам будзеш з яйцом».

Вярнуўшыся дадому пасля вячэрняга набажэнства, гаспадар трос садовыя дрэвы, каб яны далі багаты ўраджай пладоў.

Традыцыя забараняла ў гэты дзень адпраўляцца ў далёкую дарогу.
Напрошваецца прамая аналогія з Калядамі, калі ў першы вечар пажадана было ўсім сядзець за сямейным сталом. Праз кароткі прамежак часу пачнецца Вялікі пост, таму лічылася абавязковым сем разоў паесці ў гэты дзень.

Старыя людзі раілі: «Грамнічную свечку нельга пазычаць, як і агонь,

нават у блізкія дамы сваякоў, родным, што жывуць у іншай сям’і».

На Грамніцы ў храмах асвячалі не толькі свечкі, але і ваду. Па ступені значнасці грамнічная вада лічылася на адным узроўні з той, якую бралі на Вадохрышча. Ваду даволі часта выкарыстоўвалі адначасова са свечкай. Калі хлопец ішоў служыць у войска, то маці з бацькам акраплялі яго пры выхадзе з хаты свянцонай вадой і ў голас гаварылі наступныя словы: «Божухна захавай цябе».

Грамнічную свечку выкарыстоўвалі на працягу ўсяго года.

Яе палілі падчас разгавення ў калядны вечар.

На Юр’я (6 мая), першы раз выганяючы карову на пашу, каб максімальна перасцерагчы галоўную карміцельку сям’і ад розных пашкоджанняў, гаспадыня брала ў рукі грамнічную свечку, вербную галінку і чырвонае яйка і

тройчы па Сонцы абходзіла вакол каровы. Адвячоркам сустракала скаціну з поля з тым жа наборам свяшчэнных рэчаў.

Найбольш моцным абярэгам грамнічную свечку лічылі ў час летняй навальніцы.

Тое, што нарадзілася ад нябеснага агню, тое, што асвечана царкоўным абрадам, станавілася своеасаблівым гарантам перасцярогі.

Свечка‑»грамніца», як дачка бога‑грамаўніка, павінна была адвесці гнеў бацькі і заступіцца за чалавека ўжо хаця б таму, што ў гэтай хаце прысутнічала яго сімвалічная частка. Улетку пры набліжэнні навальніцы гаспадыня запальвала грамніцу і ставіла на падаконнік.

На Купалле, каб не прапала малако ў каровы, гаспадыня вешала над дзвярамі серп і крапіву‑жыгучку, а да вушака мацавала свечку‑»грамніцу» кнотам уніз. Грамнічная свечка суправаджала абрады засявання і зажынак. Яе запальвалі тады, калі насыпалі насенне ў мяхі перад сяўбой і перад тым, як засыпаць першы вымалачаны хлеб у засек. Без грамнічнай свечкі не распачыналі зажынкі. Усё гэта рабілася для таго, каб захаваць палетак ад граду.

Свечку‑абярэг шырока выкарыстоўвалі і падчас выканання сямейна‑родавых абрадаў.

Адпраўляючы разам з хроснымі бацькамі дзіця да храма, родныя бацькі давалі ім асноўны хатні абярэг. Захавайце тую свечку‑»грамніцу», з якой вы хрысцілі дзіця, і запаліце яе тады, калі будзеце адпраўляць маладых да вянца. Гэту эстафету далей падхопяць вянчальныя свечкі! Дарэчы, мы ў дадзеным выпадку не прапаноўваем нічога новага, проста дапаўняем адным штрыхом тое, што рабілі нашы мудрыя продкі.

Запальвалі «грамніцу» і ў той момант, калі збіраліся адымаць дзіця ад грудзей.

Свечку‑»грамніцу» давалі ў рукі цяжка паміраючаму чалавеку, а потым ставілі яе каля галавы памерлага.
Яна павінна была дапамагаць душы нябожчыка пакінуць хату так, каб не «пакрыўдзілася» ды не «выгледзела» сабе яшчэ каго‑небудзь са сваякоў. Аднак трэба памятаць: калі ў іншых выпадках свечкай‑»грамніцай» карысталіся на працягу года ў самых розных сітуацыях, то ў выпадку смерці чалавека яна павінна была згарэць уся ў гэты ж дзень.

«Грамніцу» бралі з сабой, калі ішлі сватаць дзяўчыну, калі дружына маладога ехала выкупляць нявесту, калі вясельны поезд адпраўляўся да вянца, калі вяселле пераязджала ў дом жаніха. Грамнічная свечка, загорнутая ў кавалак даматканага палатна, ляжала на стале перад маладымі побач з хлебам‑соллю, якімі бацькі сустракалі пару пасля вянчання.

Някепска будзе запаліць асвечаную «грамніцу» і ў дні нараджэнняў кожнага з членаў сям’і, калі маладых адпраўляюць у загс, а парадзіху ў раддом, калі нованароджанага прывозяць дадому і панясуць у царкву хрысціць і г.д.

Калі ж на працягу года свечка выкарыстоўвалася радзей і заставалася яшчэ вялікая яе частка, то яна дапальвалася ў святыя вечары на Каляды або непасрэдна перад Грамніцамі.

Аксана Катовіч, Янка Крук, Народная газета

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0