7 чэрвеня ў маленькай залі гарадзенскай кавярні «Куфэрак» адбылася прэзэнтацыя новай кнігі Сяргея Астраўцова «Кактэйль Молатава».

У кнігу ўвайшлі апавяданьні й эсэ 2000–2001 гадоў, якія раней друкаваліся ў «Правінцыі», «Нашай Ніве», «Крыніцы», «Дзеяслове» і «Arche». Вось толькі чаго няма ў зборніку, дык гэта самога «кактэйлю», яго тэма ўвогуле не ўздымаецца на старонках кнігі. Зусім як «Каралі і капуста» О.Гэнры. Наклад кніжкі не пазначаны, але паводле словаў аўтара ён зусім невялікі.

Праз адсутнасьць большай канкурэнцыі Сяргей Астраўцоў сёньня – празаік №1 у Горадні. Некаторыя называюць яго прадаўжальнікам традыцыі Карпюка, але ні ў якім выпадку нельга казаць пра адсутнасьць у яго ўласнага стылю. Аўтар мае свой стыль, магчыма, цяжкаваты, яго творчасьць, а гэта ў асноўным апавяданьні, нагадвае добрыя нарысы. На гэты час Сяргей – журналіст радыё «Свабода», некалі быў рэдактарам «Пагоні». Таварыства вольных літаратараў узнагародзіла яго «Гліняным Вялесам».

Мерапрыемства так і засталося б незаўважнай сходкай сяброў БАЖ, каб інфармацыя не прасьлізгнула ў Інтэрнэт. Дзякуючы гэтаму, на прэзэнтацыю трапіла моладзь, што было крыху дзіўна для арганізатараў. У праграме, акрамя аўтарскага выкананьня эсэ, была смачная кава і куфаль добрага беларускага піва.

Аляксей Шота

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0