Да канца сакавіка 2009 года плануецца стварэнне аргкамітэта па збудаванні ў Мінску помніка Яну Паўлу II,
паведаміў БелаПАН ініцыятар ушанавання памяці пантыфіка, настаяцель мінскага Чырвонага касцёла (касцёла святых Сымона і Алены) ксёндз‑магістр Уладзіслаў Завальнюк.

Паводле яго слоў, збудаванне помніка «адпавядае волі пантыфіка наведаць Беларусь». «Бо святы айцец вельмі хацеў гэта зрабіць, не раз прымаў дзяцей і дарослых — беларускіх пілігрымаў, у тым ліку вядомых дзеячаў навукі і культуры. І кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка выказаў шкадаванне, што Ян Павел II не змог пабываць у Беларусі», — сказаў У.Завальнюк.

Паводле яго слоў, летась пры падтрымцы мітрапаліта Мінска‑Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча ён пісьмова звярнуўся ў Адміністрацыю прэзідэнта з прапановай збудаваць помнік святому айцу на месцы ўстаноўкі закладнога каменя, асвечанага 22 чэрвеня 2008 года дзяржсакратаром папы рымскага кардыналам Тарчызіо Бертонэ падчас яго афіцыйнага візіту ў Беларусь.

«Наша прапанова была падтрыманая ў Адміністрацыі прэзідэнта», — зазначыў У.Завальнюк.

Паводле яго слоў, велічны помнік Яну Паўлу II з чырвонага граніту і бронзы плануецца збудаваць перад галоўным уваходам у касцёл, размешчаным на плошчы Незалежнасці. Над праектам працуюць заслужаны архітэктар Беларусі Леанід Левін і народны мастак Беларусі скульптар Іван Міско.

Паводле слоў У.Завальнюка, у рабоце над помнікам возьме ўдзел і польскі скульптар. Такім чынам, падкрэсліў ён,

кампазіцыю будуць ствараць яўрэй, беларус і паляк, якія прадстаўляюць іудаізм, праваслаўе і каталіцызм, што сімвалізуе супрацоўніцтва людзей розных нацый і веравызнанняў.
За такое супрацоўніцтва заўсёды выступаў Ян Павел II, зазначыў У.Завальнюк.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0