Прынамсі ў дзвюх галінах прамысловасці — у лёгкай прамысловасці і машынабудаванні — далейшая праца на склад не мае сэнсу. Праз пару месяцаў таго самага ўзроўню можа дасягнуць прамысловасць будматэрыялаў.

У Беларусі суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасьці на 1 лютага 2009 году ў фактычных цэнах склала 84,6%, альбо 5,968 трлн рублёў. На 1 лютага 2008 году гэты паказчык быў на ўзроўні 50,2%, а на 1 студзеня 2009 году — 61,1% (4,956 трлн рублёў).

Менавіта ў студзені продаж прадукцыі рэзка скараціўся. І гэта нягледзячы на прастой многіх заводаў у святочны перыяд. Напрыклад, у сталіцы аб’ём прамысловай вытворчасці скараціўся ў студзені на 5,5% проці мінулага году нават паводле афіцыйнай статыстыкі.

Найбольшыя суадносіны запасаў гатовай прадукцыі і сярэднямесячнага аб’ёму вытворчасці склаліся ў лёгкай прамысловасці — 196,4% (за год выраслі на 51,8%).
Аднак гэтая сфера аддаўна была праблемнай, бо не вытрымлівала канкурэнцыі з азіяцкімі канкурэнтамі.
Новым «цяжкім» сектарам стала цяжкая прамысловасць. У машынабудаваньні і мэталаапрацоўцы складскія запасы дасягнулі 148,6% (рост за год на 65,8%).

Крызіс ударыў па машынабудаўнікам ва ўсім свеце. Спачатку шал цэнаў на энергарэсурсы прымусіў спажыўцоў перагледзець свае прыярытэты, пачалася турбуленцыя. На яе наклаўся фінансавы крызіс: машыны і сродкі вытворчасці ва ўсім свеце набываліся пераважна ў крэдыт, цяпер гэта стала немагчыма.

У выніку магутны еўрапейскі канцэрн «Вольва» прадаў у снежні ўсяго... 168 грузавікоў. А экспарт Японіі, аснову якога складае прадукцыя машынабудавання і электронікі, упаў на 40%. Прэм’ер Сідорскі прызнаў, што і попыт прадукцыю беларускага машынабудавання знізіўся на 30%.

Урад кінуў сродкі на ўтрыманне занятасці і абаротнага капіталу. Аднак, на жаль, Беларусь жыла не па сродках і падышла да крызісу не толькі без золатавалютных рэзерваў, але і з мінімальным антыкрызісным фондам.

Хто наступны ў чарзе на спыненне?

У лясной, дрэваапрацоўчай і цэлюлозна‑папяровай прамысловасці запасы дасягнулі 102,6% (рост на 43%). У харчовай прамысловасці — 92,6% (на 18,5%). У прамысловасці будаўнічых матэрыялаў — 78,8% (на 24,7%). Тут варта адзначыць, што, напрыклад, цэмент ці прадукты маюць вызначаныя тэрміны захоўвання, таму тут складскія запасы не могуць быць такімі вялікімі, як на «Белшыне» ці МТЗ.

Запасы выраслі таксама ў хімічнай і нафтахімічнай прамысловасці — да 74,8% (на 36,2%), у чорнай металургіі — 46,4% (на 39,5%), у паліўнай прамысловасці — 7,2% (на 1,6%).

Беларуская гаспадарка зведвае тыя самыя праблемы, што і расійская, толькі яны назапашваюцца праз два‑тры месяцы пасля таго, як праяўляюцца ва ўсходняга суседа. Гэта свайго роду закон спалучаных сасудаў.

Паводле афіцыйных звестак, ВУП Беларусі ў студзені працягваў расці, як і прамысловая вытворчасць у краіне ў цэлым. У той жа час

Расія адважылася прызнаць, што падзенне прамысловае вытворчасці адбылося і ў студзені склала рэкордныя 16,6% проці таго ж перыяду мінулага году.
Спіс лідэраў падзення той самы, што і з складскімі запасамі ў нашай краіне: шыны, аўтамабілі, скураныя вырабы, ДВП, дываны, кнігі.

У панядзелак стала вядома, што пачаліся праблемы з плацежаздольнасцю «Амкадору». Яшчэ раней перайшлі на трохдзёнку некаторыя вытворчасці МАЗу, на чатырохдзёнку — маторны завод. Можна чакаць змяншэння загрузкі і заробкаў на іншых прадпрыемствах машынабудавання і лёгкай прамысловасці. І не прагадаюць тыя працоўныя, хто на гэтае лета абробіць стары дзедаў агарод:

большасць эканамістаў сыходзіцца на тым, што эканоміка не пачне паднімацца раней за 2010 год.
Некаторыя ж лічаць, што цяперашні крызіс акажацца такім жа зацяжным, як колісь — вялікая дэпрэсія, у час якой ВУП многіх краінаў скараціўся на 30—50%.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?