17 лютага ў Магілёве Лукашэнка зноў выказаўся пра апазіцыю і Еўропу. Маўляў, весці з ім дыялог па апазіцыйных шпаргалках у Еўрасаюзу не атрымаецца.

Са слоў афіцыйнага кіраўніка, апазіцыянеры склалі для чэшскага старшынёўства ў ЕС «цэлую петыцыю», каторая ляжыць і ў яго, Лукашэнкі, на стале. І чэхі, маўляў, спрабуюць накінуць Мінску адпаведны парадак дня. Але міністр Мартынаў ужо атрымаў устаноўку: не саступаць!

Мяркуючы па ўсім, подбіўка тут вось якая. Апошнім часам чаўночная ды іншая дыпламатыя заходнікаў заўважна актывізавалася.

ЕС хоча выціснуць з беларускіх уладаў яшчэ хоць каліва саступак у плане лібералізацыі ўнутранай палітыкі, каб з меншымі маральнымі згрызотамі зняць у красавіку санкцыі (а мо’ і запрасіць Лукашэнку на саміт у Прагу).

А тутэйшых начальнікаў акурат на палітычнай лібералізацыі і клінуе. Паслаць заходнікаў падалей не выпадае, таму найлепей перавесці стрэлкі на апазіцыю. Маўляў, скакаць пад дудку гэтых людзей, якіх «вы і праз павелічальнае шкло не ўбачыце», мы не збіраемся.

Цікава было б паглядзець, канечне, тую петыцыю. Аднак цяжка ўявіць, што ў ёй — нейкія экстравагантныя пункты. Наўрад ці Лябедзька з Калякіным патрабуюць, напрыклад, кааптаваць іх у раду пры Макеі:)

Ва ўсякім разе, змест петыцыі («цялегі», як было сказана) Лукашэнка, мяркуючы па заметках інфармагенцтваў, не расшыфраваў.

Тады б, мусіць, уся інтрыга прапала, бо найхутчэй што патрабаванні там сістэмныя. Іх спіс апазіцыя не раз агучвала: спыненне палітычнага пераследу, дэмакратызацыя выбарчага заканадаўства, свабода СМІ.

Гэта не вынаходкі АДС, а пастулаты жыцця дэмакратычнага грамадства.

Але ж беларускае начальства наважылася даціснуць Еўропу сваёй канцэпцыяй прагматычнага дыялогу. І, мяркуючы па тым, як палітыкі Старога Свету рэзка перасталі заўважаць тутэйшыя рэпрэсаліі, гэта накіданне «прагматычнага дыялогу» ідзе небеспаспяхова.

Цікава прасачыць ланцужок разважанняў, што прагучалі ў Магілёве: ад згадак пра дэмакратычныя патрабаванні да пасажаў пра ўхілізм апанентаў улады ад войска ды пра тое, што «ў нас як толькі некага прыдушылі за злачынныя ўчынкі — ён адразу ж становіцца “апазіцыянерам”». Далей — алюзіі наконт, трэба так разумець, нядаўніх арыштаў у Ваўкавыску («прыватным асобам захоўваць аўтаматы і гранаты нельга», «тэрору ў краіне быць не павінна»).

Такім чынам прадмет гаворкі цалкам падмяняецца. І наіўны электарат хітае галавой: ну хіба ж можа прэзідэнт пагадзіцца на ўмовы, падсунутыя Захаду нейкімі крымінальнымі элементамі ды тымі, хто косіць ад «свяшчэннага абавязку»?

ЗЫ. І вось на такім фоне — самая свежая навіна — у Мінск 18 лютага, то бок літаральна заўтра ўвечары, прылятае Хаўер Салана. Я разумею, інерцыя планавання і ўсё такое, але ж момант фантастычна няўдалы. Карацей, як некалі пісаў ваш пакорлівы слуга, «хай Еўропа пацалуе ў дыяфрагму».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?