Дом Васіля Хадзькова, які пратэставаў супраць высялення яго пры пабудове метро, спалілі, а самога яго затрымалі.

Напярэдадні Васіль Хадзькоў зачыніўся ў доме і запаліў у печы, каб дымам прыцягнуць увагу мінчукоў да сваёй праблемы. Праз будаўніцтва лініі метро ўздоўж праспекта Дзяржынскага ў Хадзькова забралі дом з зямельнай дзялянкаю, а ўзамен выдзелілі двухпакаёвую кватэру — але не асобна Хадзькову, а разам з былой жонкай і яе паўналетнім сынам.

Васіль Хадзькоў перасяляцца адмовіўся і падаў у суд, але суд стаў на бок гарадcкіх уладаў і пастанавіў выселіць чалавека прымусова.

17 лютага да дома Хадзькова зноў пад’ехала будаўнічая тэхніка, а таксама міліцыянты. Васіля Хадзькова гвалтам зацягнулі ў «варанок» і адвезлі ў Маскоўскі РАУС. Яму пагражае арышт за непадпарадкаванне прадстаўнікам улады.

Тым часам дом пачалі зносіць. Кіраваў гэтым адказны супрацоўнік «Дырэкцыі будаўніцтва мэтро» Сяргей Няўразь. Магутны бульдозер «Амкадор» зламаў палову дома, у тым ліку і неастылую печ. Празь некалькі хвілін у развалінах з’явілася полымя, якое хутка перарасло ў вялікі пажар.

Тушыць пажар прыехалі тры пажарныя аўтамабілі, але дом Хадзькова за лічаныя хвіліны фактычна згарэў цалкам. Пры гэтым маглі пацярпець і пажарныя: будаўнікі своечасова не адключылі кабель, які падводзіў да дома электрыку.

Радыё Свабода

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0