У гэтым годзе дабрачынная акцыя «Марцовыя каты» будзе праводзіцца ў больш познія тэрміны,
паведаміў 17 лютага на прэс‑канферэнцыі ў Мінску арганізатар выставы, кіраўнік міжнароднага грамадскага аб’яднання мастакоў і мастацтвазнаўцаў «Майстар» Сяргей Крыштаповіч.

Паводле яго слоў, штогадовая выстава «Марцовыя каты» традыцыйна праводзіцца ў сталічным Палацы мастацтва. За пяць гадоў у гэтай творчай акцыі ўдзельнічалі больш за 400 мастакоў з Беларусі, ЗША і краін Еўропы. Да ўдзелу ў цяперашняй выставе, якую планавалася правесці ва ўсіх трох залах Палаца мастацтва, меркавалася прыцягнуць каля 200 мастакоў.

С.Крыштаповіч выказаў шкадаванне, што выстава 2009 года не будзе праходзіць у Палацы мастацтва ў сувязі з адмовай кіраўніцтва Беларускага саюза мастакоў.
Арганізатар выставы выказаў падзяку дзяржаўным структурам за дапамогу ў правядзенні «Марцовых катоў» «хаця б у красавіку». С.Крыштаповіч лічыць, што гэта будзе «дзяржаўнага фармату свята дабрыні і міласэрнасці.

Куратар выставы мастацтвазнаўца Ала Нароўская паведаміла, што сабраныя на выставе сродкі будуць накіраваныя на рэалізацыю праекта «Дзіцячае сэрца» па правядзенні кардыялагічных аперацый беларускім дзецям.

Паводле слоў удзельніка акцыі «...каты» Уладзіслава Стальмахова, выстава дапамагае тым, хто мае патрэбу, хто жыве ў нястачы, у тым ліку хворым мастакам, дзецям‑інвалідам, дзіцячаму цэнтру анкалогіі і гематалогіі, а таксама мінскай студэнтцы Галіне Жыжыч, якой пасля аўтакатастрофы была патрэбная дарагая аперацыя, бадзяжным жывёлам і ветэрынарным лякарням.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0