Галадоўнікі на бальконе, побач з расьцяжкай «Галадоўка». Праз гадзіну іх затрымаюць, а празь дзьве – адпусьцяць.

Фота Юліі Дарашкевіч

13 чэрвеня, на 16-ты дзень эстафэтнай галадоўкі, на арандаванай кватэры ў Менску сабраліся разам галадоўнікі зь Менску, Магілёва, Нясьвіжу, Бабруйску.

Сабраць усіх удзельнікаў акцыі з усёй краіны не ўдалося, у сталіцы будуць трымацца разам каля 10 галадоўнікаў. У гэты ж дзень па стане здароўя спыніў галадоўку Дзяніс Карноў, апошні з удзельнікаў у Салігорску – горадзе, дзе яна пачалася. Такім чынам, цэнтрам моладзевай акцыі стаў Менск.

Адзін з пакояў двухпакаёўкі занялі галадоўнікі, у другім пакуль што дзяжураць іхныя памочнікі. На падлозе ляжаць спальнікі, стаяць бутэлькі з вадой. Спыняць галадоўку моладзь не зьбіраецца. «Ніводнае патрабаваньне ўлады пакуль ня выканалі», – тлумачыць Зьміцер Дашкевіч. Ён пачаў галадоўку адразу па выхадзе з турмы: «Я на акрэсьцінскіх харчах так ад’еўся, што можна і пагаладаць». Але выглядае Зьміцер зусім хвора. Падчас галадоўкі прастыў, цяпер кашляе й пастаянна хутаецца ў коўдру, аднак да дактароў не зьвяртаецца. Зьміцер просіць, каб непаўналетнія і дзяўчаты выйшлі з галадоўкі. На зьдзіўленыя заўвагі журналістаў наконт таго, што непаўналетнія ўжо не галадаюць, Дашкевіч пасьміхаецца: «У Салігорску спынілі, але іншыя пастаянна далучаюцца».

Наста Азарка прыехала на галадоўку зь Нясьвіжу. Яна галадае з 5 чэрвеня: «У мяне ўжо быў досьвед галадоўкі пару гадоў таму: так склалася, што не было чаго есьці... Цяпер я ведаю, што магу вытрымаць паўтара месяца!»

Алесь Паплыка спадзяецца, што ён толькі часова адзіны магілёўскі прадстаўнік і неўзабаве ў Менск прыедуць іншыя яго таварышы. Валер Мацкевіч дабраўся да сталіцы з Бабруйску. «Усе галадаць ня могуць, бо гэта толькі адзін з кірункаў нашай дзейнасьці», – тлумачыць ён.

Аркадзь Шанскі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0