Ваўкавысцу Мікалаю Аўтуховічу 18 лютага было высунутае афіцыйнае абвінавачванне, паведаміў «НН» адвакат Павел Сапелка. Прадпрымальніка абвінавачваюць у парушэнні артыкулу 218 частка 3 КК «Наўмыснае знішчэнне ці пашкоджанне маёмасці, здзейсненыя арганізаванай групай, якія прывялі да шкоды ў асабліва буйным памеры». Санкцыя паводле артыкулу ад 7 да 12 гадоў.

Юрыю Лявонаву і Уладзіміру Асіпенку высунута абвінавачванне па артыкуле 218 частка 2 КК «Наўмыснае знішчэнне, альбо пашкоджанне маёмасці, якое прывяла да значных стратаў». Паводле гэтага артыкулу мужчынам пагражае ад 3 да 10 гадоў зняволення.

Нагадаем, што жыхароў Ваўкавыску затрымала 8 лютага мінскае падраздзяленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю «Алмаз». У той жа дзень яны былі дастаўленыя ў Мінск. А па БТ быў паказаны рэпартаж, што на Гарадзеншчыне затрыманая група людзей, якія займаліся падрывамі і падпаламі маёмасці гарадскіх чыноўнікаў.

17 лютага пра арышты выказаўся Лукашэнка, які заявіў, што не дапусціць у краіне тэрарызму і экстрэмізму. «У нас закон адзін. Законная зброя — захоўвай, незаконная — выбачай. Аўтаматы, гранаты прыватніку захоўваць нельга», — сказаў у Магілёве кіраўнік дзяржавы.

Акцыі салідарнасці з Аўтуховічам, Лявонавым і Асіпенкам праходзяць у Мінску і іншых гарадах Беларусі і замежжа.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?