Пасля 2030 г. у Беларусі могуць быць пабудаваны яшчэ два атамныя блокі, заявіў генеральны дырэктар Аб’яднанага інстытута энергетычных і ядзерных даследаванняў «Сосны» Нацыянальнай акадэміі навук Вячаслаў Куўшынаў 19 лютага на прэс‑канферэнцыі ў інстытуце.

Паводле яго слоў, два блокі могуць працаваць на Астравецкай пляцоўцы, яшчэ два — на Чырвонапалянскай або на іншай выбранай пляцоўцы, але ўздымаць гэтае пытанне мэтазгодна пасля 2030 года. «Усё павінны быць улічана з пункту гледжання бяспекі і эканамічнай мэтазгоднасці», — заявіў В.Куўшынаў.

Ён зазначыў, што пакуль Беларусь прыняла рашэнне аб будаўніцтве АЭС з двума атамнымі блокамі магутнасцю 1.000 МВт кожны. Папярэднім месцам будаўніцтва атамнай станцыі выбраны Астравецкі раён Гродзенскай вобласці. Канчатковае рашэнне аб месцы будаўніцтва АЭС будзе прынята прэзідэнтам.

Паводле слоў В.Куўшынава, АЭС дазволіць скараціць кошт вытворчасці электраэнергіі на 40—50% і эканоміць да 1 млрд. даляраў у год на імпарце энергарэсурсаў.

Будаўніцтва станцыі плануецца пачаць пасля падрыхтоўкі канчатковага тэхніка‑эканамічнага абгрунтавання. Плануецца, што гэтыя работы завершацца да канца 2009 года. Увод першага блоку атамнай станцыі намечаны на 2016 год, другога — на 2018‑ты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?