Праекты герба і сцяга Віцебскай вобласці былі зацверджаны дэпутатамі абласнога савета 17 лютага.
За аснову сучаснага геральдычнага сімвала ўзята «Пагоня», якая была адлюстравана на гербе Віцебскай губерні 1856 года.

Як паведамілі БелаПАН ва ўпраўленні ідэалагічнай працы Віцебскага аблвыканкама, у абмеркаванні варыянтаў геральдычных сімвалаў рэгіёну брала ўдзел грамадскасць. Цягам двух тыдняў грамадзяне маглі званіць і пісаць у рэдакцыю дзвюх абласных газет, затым іх меркаванні перадаваліся ў працоўную групу па стварэнні праекта герба.

Група, якую ўзначальваў старшыня абласнога савета дэпутатаў Аляксандр Ацясаў, разглядала два магчымыя варыянты герба — геральдычны знак Віцебскага ваяводства 1500 года і герб Віцебскай губерні 1856 года.

У выніку, пасля графічнай дапрацоўкі, герб Віцебскай вобласці выглядае наступным чынам:
у чырвоным полі французскага шчыта знаходзіцца выява «Пагоні» — сярэбранага ўзброенага конніка, у правай руцэ якога ўзняты меч, у левай — круглы шчыт з залатым шасціканцовым Еўфрасіннеўскім крыжом. Шчыт асаджваюць дзве дубовыя галіны з жалудамі, абкручаныя блакітнай стужкай. Вянчае герб вежавая карона з пяццю зубцамі. Такі ж герб знаходзіцца ў цэнтры сцяга Віцебскай вобласці, які ўяўляе сабою прамавугольнае палотнішча зялёнага колеру.

Праекты герба і сцяга адпраўлены на экспертызу ў Геральдычны савет пры прэзідэнце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?