Сёння ўначы «Манрэаль Канадыенс» прайграў 12-ты матч у 15-ці апошніх гульнях. Гэтым разам у гасцях «Пітсбургу» - 4:5 (0:1, 2:1, 2:3).
Беларускі форвард Андрэй Касціцын закінуў адну шайбу (гэта ўжо яго 22-я шайба ў сезоне і зрабіў дзве выніковыя перадачы). Але, як бачым, гэтага не хапіла для перамогі клуба.
Эксперты кажуць, што такімі тэмпамі «канадыенс» можа праляцець міма плей-оф.
Пакуль квэбэкцы займаюць 6-е месца Ўсходняй канферэнцыі, маючы 67 балаў. «Караліна», што ідзе 9-й, мае 61 пункт (у плэй-оф выходзяць восем камандаў). Праўда, да канца рэгулярнага чэмпіянату камандам трэба яшчэ правесці па 22-25 гульняў.
Але А. Касціцын – адзіны, хто можа парадаваць беларусаў у плей-оф.«Таронта», за якое выступае Міхаіл Грабоўскі, асела на 13-м месцы і адстае ад зоны плей-оф на 14 пунктаў.
«Каларада Эвеланш» Руслана Салея ў Заходняй канферэнцыі наогул апошняе, што праўда, тут каманды ідуць больш шчыльна. Ад зоны плей-оф каларадскі клуб аддзяляе 7 пунктаў.