З 8 па 11 чэрвеня ў Польшчы (Уроцлаў) праходзіў Фэстываль беларускай культуры. У сьвяточную праграму была ўключана прэзэнтацыя «Нашай Нівы».

Уроцлаўскі фэстываль, што праводзіцца тут ужо трэці год запар, гэтым разам займеў назву – «Зараз Беларусь!». Упершыню патранат над фэстывалем узяў прэм’ер-міністар Польшчы Казімер Марцінкевіч. Ладзіў сьвята Калегіюм Усходняй Эўропы. Асьвятлялі падзею найбуйнейшыя польскія СМІ.

Урачыстае адкрыцьцё фэстывалю пачалося зь вітальнага слова мэра Ўроцлава Рафала Дуткевіча, які адзначыў наступнае: «Незалежная, дэмакратычная Беларусь для гэтага рэгіёну – гэта вельмі важны элемэнт яе функцыянаваньня. Уроцлаў заўсёды будзе падтрымліваць дзеяньні, якія служаць разьвіцьцю дэмакратыі й грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі».

Старшыня Калегіюму Ўсходняй Эўропы і арганізатар імпрэзы Ян Анджэй Дамброўскі патлумачыў прычыны правядзеньня фэстывалю менавіта ва Ўроцлаве тым, што тут жыве вялікая колькасьць ураджэнцаў Беларусі, а таксама прыхільнасьцю мясцовых уладаў да супрацоўніцтва з краінамі Ўсходняй Эўропы.

Пазьней адбыўся выступ беларускіх бардаў Андрэя Мельнікава і Зьмітра Бартосіка. Вёў праграму Віктар Шалкевіч, які быў па-сапраўднаму сур’ёзным толькі тады, калі слухаў песьні калегаў. Зьміцер Бартосік прапанаваў слухачам свой віленскі цыкль песьняў, Андрэй Мельнікаў нагадаў прысутным пра супольную гісторыю абодвух народаў.

Два найпапулярнейшыя беларускія барды – Зьміцер Бартосік (зьлева) і Віктар Шалкевіч.

Другі дзень фэстывалю распачаўся подпісам кніжак Уладзімера Арлова і Андрэя Хадановіча, выдадзеных Калегіюмам пры падтрымцы Міністэрства культуры і гістарычнай спадчыны Польшчы.

Наступнай была прэзэнтацыя газэты «Наша Ніва». Тэмай гутаркі была гісторыя і цяперашні стан рэчаў у найстарэйшым беларускамоўным выданьні Беларусі. Пачынаючы мерапрыемства, Ян Анджэй Дамброўскі падкрэсьліў выключную важнасьць вольнага слова для беларускага грамадзтва і адзначыў вялікую ролю «Нашай Нівы» ў паўставаньні беларусаў як нацыі. Вёў сустрэчу журналіст Павал Мажэйка, які распавёў пра тое, як, выпадкова купіўшы ў сярэдзіне 90-х у Горадні «НН», зрабіўся тым, кім ёсьць цяпер.

Польскіх журналістаў цікавілі ўмовы працы іх беларускіх калегаў зь незалежных выданьняў, дынаміка росту накладу «Нашай Нівы», зьмена фармату газэты, спосабы дастаўкі яе да чытачоў. Адзін з выкладнікаў Уроцлаўскага ўнівэрсытэту пацікавіўся станам самасьвядомасьці беларусаў, ці не даводзіцца «Нашай Ніве» на сваіх старонках, як і сто гадоў таму, апавядаць беларусам пра іх гістарычнае мінулае, тлумачыць важнасьць уласнай мовы і культуры. Беларускія студэнты, што навучаюцца ў Польшчы, цікавіліся магчымасьцю чытаць газэту ў Польшчы.

Увечары таго ж дня адбылася аўтарская літаратурная вечарына з удзелам Яна Максімюка, Уладзімера Арлова ды Андрэя Хадановіча. Вёў сустрэчу Лявон Баршчэўскі. Прэзэнтаваліся выданьні зь «Беларускай бібліятэкі», што выйшлі ў сьвет дзякуючы Калегіюму Ўсходняй Эўропы. Сярод іх надрукаванае асобнай кнігай ліставаньне Васіля Быкава з Рыгорам Барадуліным.

Зьмітру Гурневічу зайздросьцяць усе беларускія каталікі: ён маліўся разам з Папам, калі той быў у Варшаве.
У суботу ў сядзібе Калегіюму адбылася дыскусія на тэму «Традыцыя ды сучаснасьць». Гаворка вялася пра месца Беларусі ды беларускай культуры ў Эўропе. У сустрэчы ўдзельнічалі міністар культуры й нацыянальнай спадчыны Польшчы Казімеж Міхал Уяздоўскі, старшыня Калегіюму Ян Анджэй Дамброўскі і ўдзельнікі фэстывалю з Прагі – перакладнік беларускай літратуры Ян Максімюк ды Ільля Глыбоўскі з арганізацыі «Чалавек у нядолі», беларускі студэнт Зьміцер Гурневіч. Сустрэча трансьлявалася ў жывы этэр Польскага радыё – 2. Польскі міністар падкрэсьліў апалітычнасьць і некамэрцыйнасьць польскага ўдзелу ў разьвіцьці беларускай культуры. «Гэта праява салідарнасьці зь людзьмі, якія таксама хочуць жыць у волі», – зазначыў сп.Уяздоўскі.

Адной з прычынаў таго, што беларуская літаратура ня мае выйсьця на эўрапейскі рынак, удзельнікі сустрэчы назвалі адсутнасьць якасных перакладаў беларускіх твораў. Запачаткаваная Калегіюмам «Беларуская бібліятэка» мае выправіць сытуацыю прынамсі на польскім выдавецкім рынку. Было адзначана таксама, што тая частка беларускіх творцаў, якая выйшла з-пад уплыву дзяржавы ці была ёю выціснутая па-за рамкі афіцыйнасьці, штораз дэманструе найвышэйшы ўзровень разьвіцьця. Гэта датычыць і кнігавыдавецтва, і музыкі, і мастацкага асяродку.

Канцэрт лірнай музыкі ў выкананьні капэлі пад кіраўніцтвам Алеся Лася наведаў Аляксандар Мілінкевіч, а разам зь ім – ваявода Ніжняй Сылезіі Кшыштаф Гжэльчык, які насіў у той вечар значак з надпісам «За Свабоду».

У часе візыту ва Ўроцлаў Аляксандар Мілінкевіч сустракаўся ў памяшканьні Ўроцлаўскага ваяводзтва з польскімі і беларускімі студэнтамі, адказваў на іх пытаньні. На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнікі мясцовай улады, а таксама былы польскі амбасадар у Беларусі Марыюш Машкевіч і былы старшыня Зьвязку палякаў у Беларусі Тадэвуш Гавін. Іна Кулей сустрэлася з групай беларускіх студэнтаў, што за ўдзел у сакавіцкіх акцыях пратэсту былі адлічаныя з унівэрсытэтаў. У ліпені для іх распачнуцца курсы польскай мовы, а ў кастрычніку тыя, хто пройдзе адбор, пачнуць навучаньне ў польскіх унівэрсытэтах. Усяго польская частка праграмы дапамогі рэпрэсаваным мае ахапіць 200 чалавек улучна зь дзецьмі пацярпелых актывістаў.

У нядзелю раніцай стыпэндыянты праграмы імя Кастуся Каліноўскага сустракаліся зь міністрам Канцылярыі прэм’ера Адамам Ліпінскім. Сустрэча мела назву «Маладая эліта Беларусі – што далей?».

Працягам праграмы быў паказ дакумэнтальных фільмаў, зьнятых журналісткай TVP Агнешкай Рамашэўскай-Гузы падчас беларускіх вулічных акцыяў.

Завяршылі фэстываль канцэрты гуртоў аўтэнтычнай фальклёрнай музыкі «Гуда» ды «Троіца».

Падобныя фэстывалі ладзяцца па ўсёй Польшчы: у Кракаве, Беластоку, Варшаве. Яны прыцягваюць сталую ўвагу ня толькі польскіх беларусаў, якія з пэўных прычынаў ня маюць магчымасьці трапіць у Беларусь, але й саміх палякаў. Бо такія імпрэзы, падобна фотавыставе Сяргея Плыткевіча «Экзатычная Беларусь», што месьцілася гэтымі днямі ў памяшканьні Калегіюму, адкрываюць для іх зусім іншую, невядомую і часам, як апынаецца, вельмі блізкую ім Беларусь.

Сямён Печанко, фота аўтара

Калегіюм Усходняй Эўропы заснаваны Янам Новакам-Езяранскім у 2001-м. Няўрадавая арганізацыя, што мае на мэце наладжваньне кантактаў у сфэры культуры паміж краінамі Сярэдняй і Ўсходняй Эўропы.

Дзяржсакратар канцылярыі прэм’ер-міністра Польшчы Адам Ліпінскі заявіў, што спадарожнікавая трансьляцыя незалежнага беларускага тэлеканалу можа распачацца ўжо ў 2007 г. «Гэтае тэлебачаньне будуць рабіць беларусы для беларусаў» – заверыў сп.Ліпінскі. Узначаліць яго слынная польская журналістка Агнешка Рамашэўская-Гузы. Стала вядома таксама пра намеры польскага ўраду падтрымаць стварэньне новай беларускай інтэрнэт-газэты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0