Без аніводнага медаля вяртаецца беларуская зборная з чэмпіянату свету па біятлоне, які сёння скончыўся ў паўднёвакарэйскім П’ёнгчангу.Але і перад паездкай у Карэю было ясна, што нам калі і свеціць, то толькі адна ўзнагарода.
Апошнія надзеі беларускіх аматараў спорту былі сёння звязаныя з жаночым мас-стартам. Але Дар’я Домрачава ў выніку заняла толькі 6-е месца.
Мужчынская эстафетная чацвёрка наогул была 19-й з 26-ці камандаў. Дарэмна толькі лыжы мазалі.
Найлепшы беларускі вынік на чэмпіянаце – учорашняе 4-е месца ў жаночай эстафеце і 5-е месца Дар’і Домрачавай у гонцы пераследу 15 лютага.
На мінулым чэмпіянаце свету ў беларусаў быў адзін медаль – срэбра ў мяшанай эстафеце.
У агульным медальным заліку першынствавала зборная Нарвегіі.У паўночных аленяў (эпітэт належыць парталу Спорт-Сегодня) – чатыры залатыя, 1 срэбраная і 3 бронзавыя медалі. Прычым чатыры залатыя медалі – тры індывідуальныя, адзін у эстафеце – заваяваў Оле-Эйнар Б’ёрндален.
У Нямеччыны восем медалёў (2+4+2), у Расіі – 7 (2+1+3).
Стрэлілі на гэтым чэмпіянаце Аўстрыя і Швецыя, якія заваявалі па тры медалі: Аўстрыя (1+2+0), Швецыя (1+1+1). У Францыі два медалі: золата і бронза, у Славеніі – срэбра.
Паспяхова выступілі Харватыя і Славакія. У Славакіі – адно срэбра (сёння яго заваявала Настасся Кузміна, што выступае за гэту зборную), а першы ў гісторыі медаль (бронзу) для харватаў на ўсіх чэмпіянатах свету заваяваў Якаў Фак (у індывідуальнай гонцы).
***
Ад сакавіка адновяцца этапы Кубку свету па біятлоне.Засталіся тры этапы. Найбліжэйшы – у канадскім Ванкуверы праз два тыдні.