Амбасада Літоўскай Рэспублікі ў Беларусі 18 лютага адсвяткавала тысячу год імені Літвы. Угодкі вялікай даты, а таксама Дзень узнаўлення літоўскай дзяржаўнасці наладзілі ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі. Амбасадар Літвы Эдмінас Багдонас павіншаваў усіх прысутных і прачытаў па‑беларуску вядомы верш Максіма Багдановіча «Пагоня».

«Нас аб’ядноўвае супольнае гістарычнае мінулае, супольныя каштоўнасці, агульнае Вялікае княства Літоўскае. І гэтая супольнасць дае бясспрэчнае права спадзявацца на тое, што ў нас больш супольнага, чым рознага» – сказаў Э. Багдонас.

На ўрачыстай вечарыне ў Філармоніі выступілі знакамітыя літоўскія выканаўцы пад акампанемент Ковенскага сімфанічнага аркестра. Гледачы вельмі цёпла сустрэлі дырыжора Мадэстаса Пітрэнаса.

Упершыню на сцэне філармоніі дзеці акапэльна выканалі гімны Літвы і Беларусі: Піюс Пажусіс з Літвы і Андрэй Кунец, які заваяваў для Беларусі другое месца на дзіцячым «Еўрабачанні» ў 2006 годзе.

Гасцям свята была паказаная адмысловая стужка, якую падрыхтаваў Літоўскі нацыянальны тэлеканал з нагоды тысячагоддзя першай узгадкі імя Літвы. Кожны атрымаў у падарунак кампакт‑дыскі з фільмам «Вільня – культурная сталіца Еўропы», праграму віленскіх мерапрыемстваў і буклеты з тлумачэннем, што для літоўцаў значыць тысячагоддзе імя і 16 лютага – Дзень незалежнасці.

Назва «Літва» была ўзгаданая ў Кведлінбургскім летапісе, датаваным 1009 годам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?