З 23 па 27 сакавіка ва ўстановах аховы здароўя Партызанскага раёна Мінска пройдуць Дні пячонкі. Яны арганізаваны Камітэтам па ахове здароўя Мінгарвыканкама і адміністрацыяй цэнтральнай раённай паліклінікі №14 Мінска.

Як паведаміў БелаПАН намеснік галоўнага ўрача 14‑й цэнтральнай раённай паліклінікі Аляксандр Валасевіч, акцыя заклікана знізіць узровень захворвання пячонкі і страўнікава‑кішачнага тракту ў жыхароў Партызанскага раёна. На працягу месяца да пачатку акцыі ва ўстановах аховы здароўя раёна будзе праходзіць раздача анкет, распрацаваных галоўным гастраэнтэролагам Міністэрства аховы здароўя для выяўлення праблем пячонкі. Усяго сярод мужчын працаздольнага ўзросту, якія ўваходзяць у групу рызыкі, будзе распаўсюджана каля 5 тыс. анкет. Па выніках аналізу адказаў жыхароў Партызанскага раёна медыкі адбяруць 50‑70 чалавек, якія маюць патрэбу ў неадкладнай кансультацыі на рэспубліканскім узроўні ў сувязі з хваробамі пячонкі. Такія кансультацыі будуць арганізаваныя ў канцы сакавіка. Апрача таго, падчас акцыі адбудуцца чатыры лекцыі для ўрачоў Партызанскага раёна па праблемах пячонкі.

Як паведаміў А.Валасевіч, найбольш распаўсюджаная прычына ўзнікнення хвароб пячонкі звязана з ужываннем алкаголю. Партызанскі раён сталіцы, дзе жыве найбольшая колькасць рабочых, з’яўляецца лідэрам па распаўсюджанні п’янства і алкагалізму ў Мінску. Хваробы пячонкі тут сустракаюцца ў тры разы часцей чым у сярэднім па горадзе. На працягу апошніх двух гадоў хваробы пячонкі і страўнікава‑кішачнага тракту дзеляць з анкалагічнымі захворваннямі 3‑4 месца ў структуры прычын смяротнасці людзей працаздольнага ўзросту. Большая смяротнасць назіраецца толькі ад знешніх прычын (траўмаў, атручэнняў і г.д.) і захворванняў сардэчна‑сасудзістай сістэмы. 80% усіх хвароб пячонкі і страўнікава‑кішачнага тракту, якія прыводзяць да смерці, — цырозы пячонкі.

Як зазначыў А.Валасевіч, разам з ужываннем алкаголю, якое за апошнія гады ў Партызанскім раёне крыху знізілася, прычынамі захворванняў пячонкі могуць быць атлусценне і бескантрольны прыём лекаў. Чакаецца, што падчас акцыі ўдасца выявіць і такіх пацыентаў.

Настасся Янушэўская, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0