У антыдопінгавай лабараторыі Пекіна, дзе мінулым летам адбыліся Алімпійскія гульні, мела месца «падробка аналітычных матэрыялаў», у выніку чаго было абвешчана аб выяўленні допінгу ў беларускіх кідальнікаў молата Івана Ціхана і Вадзіма Дзевятоўскага.
Такую заяву агучыў трэнер І.Ціхана Сяргей Літвінаў на прэс‑канферэнцыі ў Мінску 24 лютага. Пры гэтым ён спаслаўся на сваю размову з дырэктарам Нацыянальнага антыдопінгавага агенцтва Мікалаем Кручынскім.

Паводле слоў трэнера, да 27 лютага спартсмены, пазбаўленыя алімпійскіх узнагарод і пакараныя дыскваліфікацыяй (І.Ціхан — на два гады, В.Дзевятоўскі — пажыццёва), павінны падаць у Спартыўны арбітражны суд у Лазане канчатковы пакет дакументаў. Аднак не выключана, што гэты тэрмін змесціцца на 7 сакавіка па просьбе аднаго з адвакатаў.

«Падобных прэцэдэнтаў у гісторыі спорту не здаралася.

Сілы, якія будуць супрацьстаяць нам, непрадказальныя»,
— заявіў С.Літвінаў.

Абаронай спартоўцаў займаецца брытанская фірма «Хаманс». Сума выдаткаў на апеляцыю складзе каля 300 тыс. долараў, зазначыў С.Літвінаў. Частку расходаў (80 тыс. долараў), паводле яго слоў, узяў на сябе расійскі холдынг «Ітэра», які, магчыма, выдзеліць больш за названую суму. Дзяржава, паводле сцвярджэння трэнера І.Ціхана, у фінансаванні не ўдзельнічае.

Дзмітры Уласаў, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0