25 лютага 1939 г. быў расстраляны Канстанцін Веніямінавіч Гей.
З 3 студзеня 1930 г. па 18 студзеня 1932 г. гэты ўраджэнец Санкт‑Пецярбурга быў кіраўніком кампартыі Беларусі (1‑шы сакратар ЦК КП (б) Б). Фактычна першым чалавекам у БССР.
Да таго як прыехаць у Беларусь, Гей працаваў на Пскоўшчыне (у грамадзянскую вайну), мо нават ратаваўся ўцёкамі ад Балаховіча, працаваў у Свярдлоўску і Маскве.
У студзені 1930 г. быў накіраваны ў Менск, як кажуць, на адказны ўчастак працы.
Менавіта ён вёў барацьбу з нацдэмамі і пры ім была сфабрыкаваная справа Саюзу вызвалення Беларусі, паводле якой былі арыштаваныя 108 чалавек — цвет беларускай інтэлігенцыі.
У тым ліку Я.Лёсік, С.Некрашэвіч, В. Ластоўскі, А. Смоліч, А. Баліцкі, М. Гарэцкі, У. Дубоўка. 90 чалавек былі асуджаныя на розныя тэрміны і высылку. Прышчэпаву, Баліцкаму, Ільючонку, Алесю Адамовічу далі па 10 гадоў канцлагеру. Ледзь не скончыў самагубствам Я. Купала.
Многія з асуджаных потым атрымлівалі другі і трэці тэрмін, а то і расстрэл.
А наогул матэрыялы справы СВБ занялі 29 тамоў!
Пасля таго, як К. Гей, «плённа» папрацаваў у Мінску,ён перабраўся ў Маскву, потым быў ва Узбекістане, Горкаўскай вобласці.
Рэпрэсій не мінуў. Быў арыштаваны і расстраляны як «вораг народу».