У мінскім прыватным выдавецтве Віктара Хурсіка выдадзены раман польскага пісьменніка беларускага паходжання Сяргея Пясэцкага «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» ў перакладзе мастака Фелікса Янушкевіча.

Кніга распавядае аб прыгодах кантрабандыстаў, якія ў 1920‑я гады рабілі рэйды праз савецка‑польскую мяжу з мястэчка Ракаў (сёння Валожынскі раён) у Мінск і назад. Упершыню «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» быў выдадзены варшаўскім выдавецкім таварыствам «Рой» у 1937 годзе. У 1984 годзе Ф.Янушкевіч пераклаў яго на беларускую мову. Пераклад быў апублікаваны ў сярэдзіне 1990‑х гадоў у газеце «Голас Радзімы».

***

Сяргей Пясэцкі нарадзіўся ў горадзе Ляхавічы Брэсцкай вобласці 1 красавіка 1901 года, а памёр ў Англіі 12 верасня 1964 года.

Усё сваё жыццё ён быў праціўнікам савецкай улады, браў удзел у антыбальшавіцкім беларускім падполлі, быў афіцэрам польскай разведкі і кантрабандыстам, за што польскія ўлады прыгаварылі яго да смяротнага пакарання. Пазней гэты прыгавор быў заменены на 15‑гадовае турэмнае зняволенне. Будучы ў астрозе, з 14 кастрычніка па 29 лістапада 1935 года, Пясэцкі напісаў свой самы вядомы твор «Каханак Вялікай Мядзведзіцы», які быў перакладзены больш чым на 10 еўрапейскіх моў і прадстаўлены да Нобелеўскай прэміі па літаратуры напярэдадні Другой сусветнай вайны.

***

Як зазначыў у інтэрв’ю БелаПАН кіраўнік выдавецкага праекта «Сяргей Пясэцкі і Беларусь» кандыдат філалагічных навук Язэп Янушкевіч (брат Фелікса Янушкевіча), выхад кнігі «Каханак Вялікай Мядзведзіцы» паклаў пачатак знаёмству беларускага чытача са спадчынай унікальнага аўтара [у 2005 г. у Менску выйшаў па-беларуску раман С. Пясецкага "Запіскі афіцэра Чырвонай Арміі" -- НН]. Ён таксама паведаміў, што плануецца перавыданне папулярнага твора і выпуск іншых раманаў Пясэцкага, сярод якіх «Жыццё ўзброенага чалавека», «Пяты этап», «Роўныя начным багам», «Яблычка» і «Зірну я ў вакно».

«Выхад гэтых шпіёнскіх раманаў узгоднены з нашчадкамі Пясэцкага, ад іх будуць атрыманы правы на выданне гэтых твораў на беларускай мове», — паведаміў Я.Янушкевіч.

Марат Гаравы, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0