Папяльцовая серада — дзень, якім у Каталіцкім Касцёле распачынаецца перыяд Вялікага посту або саракадзённага пакаяння, — прыпала сёлета на 25 лютага. Перыяд Вялікага посту з’яўляецца часам аднаўлення і ўзрастання жыцця ў Духу Святым.

Вялікі пост сёлета завершыцца ў Вялікі чацвер 9 красавіка.
У гэты дзень распачнецца святкаванне Пасхальнага Трыдуума мукі, смерці і ўваскрасення Пана. Вялікдзень у каталікоў у гэтым годзе прыпадае на 12 красавіка. [у праваслаўных - 19 красавіка -- НН]

«Памятай, што ты — прах і ў прах вернешся» (пар. Быц 3, 19), — нагадваюць вернікам святары, пасыпаючы ў Папяльцовую сераду іх галовы попелам. Гэты жэст сімвалізуе распачацце падрыхтоўкі да найважнейшага свята хрысціянаў — Вялікадня.

Традыцыя пасыпаць галовы попелам зарадзілася ў VIII ст., а ў XI ст. папа Урбан ІІ абвясціў гэты звычай абавязковым для ўсяго Касцёла. У тыя часы было таксама прынята, што павінен выкарыстоўвацца попел са спаленых вербачак, асвечаных у Пальмовую нядзелю мінулага года.

Вялікі пост працягваецца 40 дзён, не ўлічваючы нядзеляў, якія з’яўляюцца днямі памяці ўваскрасення Пана. Пост нагадвае той час, які Хрыстос правёў у пустыні, рыхтуючыся праз сузіранне і пост да навучання, аздараўлення не толькі целаў, але перш за ўсё душаў, да абвяшчэння Божай міласэрнасці і заахвочвання людзей да міру.

catholic.by

У грэка-каталікоў Вялікі Пост пачаўся 23 лютага. У праваслаўных зараз ідзе Масленічны тыдзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0