25—27 лютага Беларусь наведаюць чатыры омбудсмены — упаўнаважаныя па правах чалавека Германіі Гюнтэр Ноаке, Даніі — Арнольд Крысціян дэ Фін Скібтэд, Нідэрландаў — Ар’ян Хамбургер і Фінляндыі — Кары Кахілуота.
Пра гэта паведамляе пасольства ФРГ.

Дэлегацыя прыбывае сёння вечарам. Мэта візіту — «атрыманне інфармацыі аб развіцці ўнутрыпалітычнай сітуацыі пасля вызвалення палітычных зняволеных і парламенцкіх выбараў, што прайшлі ў верасні 2008 года», гаворыцца ў паведамленні германскай дыпмісіі.

Запланаваныя перамовы омбудсменаў з першым намеснікам міністра ўнутраных спраў Беларусі Анатолем Куляшовым, намеснікам міністра юстыцыі Алай Бадак і прадстаўнікамі МЗС. Дэлегацыя таксама сустрэнецца з прадстаўнікамі апазіцыі і грамадзянскай супольнасці.

Напярэдадні візіту ў Беларусь Гюнтэр Ноаке вітаў «нядаўнія крокі (беларускіх уладаў) у кірунку дэмакратычных рэформ».
Пры гэтым ён зазначыў, што за такімі дзеяннямі «на шляху да рэальных і ўстойлівых рэформ павінны быць зроблены яшчэ многія істотныя захады, уключаючы дыялог з апазіцыяй і грамадзянскай супольнасцю».

У пасольстве ФРГ нагадалі, што ў сакавіку кіраўнікі МЗС краін ЕС вернуцца да пытання аб прыпыненні візавых санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў. Умовай для іх поўнай адмены з’яўляюцца дэмакратычныя рэформы і выкананне правоў чалавека ў Беларусі.

Г.Ноаке наведваў Мінск у красавіку 2006 года пасля прэзідэнцкіх выбараў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?