Прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі сёння наведаў рэканструяваны будынак Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі. Кіраўнік урада выказаў задавальненне выкананымі работамі.

«Хутка я сустрэнуся з губернатарам Санкт‑Пецярбурга Валянцінай Мацвіенка і запрашу яе на спектакль у гэтым тэатры, — сказаў Сяргей Сідорскі. — Яна запрашала мяне ў Марыінскі тэатр, а я запрашу яе ў наш».

Прэм’ер адзначыў, што 90 працэнтаў матэрыялаў для свяцільняў тэатра — айчыннага паходжання. «Мне прапаноўвалі закупіць люстры ў Італіі або нават у Марока — за $100 тыс.

Я сказаў, што мы зможам справіцца самі. У выніку — выдатныя свяцільні і ўдвая танней»,
— сказаў Сяргей Сідорскі, аглядаючы інтэр’ер тэатра.

Акрамя таго, эфектыўным вырашэннем з падачы прэм’ера стала пераабсталяванне памяшкання пад дахам тэатра. Першапачаткова тут не прадугледжвалася нічога акрамя пустога паддашку. Але два гады таму, у час суботніка, Сяргей Сідорскі даручыў абсталяваць гэту значную прастору пад мастацкія майстэрні. Цяпер гэта ідэя ажыццёўлена.

На рэканструкцыю будынка Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі ў 2008 годзе зрасходавана Br132 млрд. На 2009 год выдзелена Br63 млрд. 792 млн.

Абноўлены будынак — гэты цэлы комплекс з найскладанейшым сучасным абсталяваннем, спецыяльна вырабленым у Германіі. Усе асноўныя будаўніча‑мантажныя работы, што выконваліся больш як 30 субарганізацыямі, завершаны ў снежні. Яшчэ два месяцы адведзены на прыбіранне будынка, пазалоту ляпніны.

Рэканструкцыя будынка тэатра оперы і балета Беларусі пачалася ў 2006 годзе. Абодва калектывы былі перамешчаны на іншыя сцэны: балет — у Палац Рэспублікі, опера ж часова пасялілася ў Доме афіцэраў. У адпаведнасці з указам нумар 494 ад 2 верасня 2008 года тэатры оперы і балета Беларусі аб’яднаны ў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь. Першы спектакль запланаваны на 8 сакавіка.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?