У Мінску, на сядзібе ТБМ, у чацвер прайшла прэзентацыя кнігі Анатоля Тараса «Анатомия ненависти: русско‑польские конфликты в ХVII‑XX вв.».

«Чаму менавіта анатомія нянавісці?» — кажа аўтар. — Бо ў гэтых адносінах не было ніводнай светлай плямы». Масква столькі зрабіла кепскага палякам, што тыя «яшчэ мала ненавідзяць рускіх».

«Безумоўна, многія ў Расіі назавуць гэту кнігу русафобскай і антырасійскай, — усміхаецца А. Тарас, «але такая была палітыка ў нашых суседзяў».

«Мяне нават неяк спыталі: «Колькі табе палякі заплацілі грошай?». Але я ў кнізе крытыкую і палякаў. Перадусім за бяздарную і злачынную палітыку ў дачыненні да беларусаў ў 1920‑1930‑ыя гады. Нездарма насельніцтва вітала Чырвоную Армію і страляла ў спіну Польскай арміі», але потым саветы паказалі сябе ў самай красе, і дасталося «і палякам, і беларусам, і яўрэям».

«Имперские отношения» разбіраюць як гарачыя піражкі

Аўтар сумленна прызнаецца, што гэтая кніга не зробіць перавароту ў навуцы.

Што ўсе факты, пра якія ён піша, вядомыя прафесійным гісторыкам,

але гэта вельмі вузкае кола,
і асноўная маса не ведае такіх фактаў.

Таму Анатоль Тарас сістэматызаваў вядомыя польскія, расійскія, беларускія крыніцы і даследаванні (усяго больш за 120 працаў) і выклаў усё гэта ў чытэльнай форме, даступнай самаму шырокаму колу чытачоў.

Аўтар упэўнены ў тым, што кніга разыдзецца. Яна выйшла накладам 3 000 асобнікаў. Прычым палова накладу адразу сыходзіць у Расіі.

«Там таксама хапае разумных людзей, якія цвяроза глядзяць на сваю гісторыю».

«История имперских отношений: Беларусы и русские. 1772‑1991 гг.» за год вытрымала ўжо трэцяе выданне.

Зламаць стэрэатыпы

Анатоль Тарас слушна заўважае, што базавыя гістарычныя веды абсалютна большасць насельніцтва атрымлівае ў школах, а ў школах для сённяшніх 30‑50-х гадовых гісторыя выкладалася з прарасійскіх пазіцый, таму ягоныя кнігі спрабуюць хоць неяк зламаць старыя стэрэатыпы, якія жывуць у большасці насельніцтва. «Што Беларусь гэта не Расія і не Польшча».

Але наіўна думаць, кажа А. Тарас, па прачытанні такіх кніг працэнт нацыянальна сведамых павялічыцца.

«Старыя стэрэатыпы цалкам адамруць, калі адамрэ гэтае пакаленне,

калі на змену яму прыйдзе маладое пакаленне, якое не ведае, што такое палітінфармацыі, для якіх Масква — гэта ўсяго толькі сталіца суседняй дзяржавы».

Планы

У друку знаходзіцца кніга прафесара Анатоля Грыцевіча «Заходні фронт РСФСР» пра падзеі на Беларусі ў 1918‑1920 г., кніга Анатоля Цітарэнкі «Вот так погром», пра габрэйскія пагромы і канфіскацыю маёмасці ў 1939-1941 гг.

А таксама зборнік артыкулаў Сяргея Крапівіна «Беларусь пад уладай бальшавікоў». Эсэ друкаваліся ў газеце «Экспресс‑новости», «Народнай газеце», «Советской Белоруссии». Гэта погляд на гісторыю БССР цераз прызму штодзённасці. Сярод артыкулаў, напрыклад, «Война и водка» пра тое, як пілі падчас вайны. «А пілі тады ў жахлівай, астранамічнай колькасці», - кажа А. Тарас.

Будзе новы часопіс

Анатоль Тарас паведаміў, што ў красавіку выйдзе першы нумар гістарычнага часопіса «Старина. Дайджест публикаций по белорусской истории».

Часопіс будзе выдавацца раз на квартал, накладам 500 асобнікаў, колькасць старонак 128 с.

«І па‑расейску можна прасоўваць беларускі погляд на гісторыю. Трэба каб нацыянальныя ідэі, авалодалі як мага большай колькасцю людзей», — кажа А.Тарас.

Выхад першага нумару, які ўжо звярстаны, запланаваны на красавік.

Анатомия ненависти. Русско‑польские конфликты в ХVIII‑ХХ вв. — Минск: Харвест, 2008. — 832 с.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?