21 лютага ў штаце Нью-Джэрсі памёр беларускі мастак Алег Махнюк.

Алег Махнюк прыйшоў на свет 7 траўня 1928 г. на Браслаўшчыне.

З 1944 г. – на чужыне. Браў актыўны ўдзел у беларускім скаўтынгу, вучыўся ў Беларускай гімназіі імя Максіма Багдановіча ў Ватэнштэце (брытанская зона акупацыі, Ніжняя Саксонія). Менавіта скаўтынг і школьніцтва ў паваеннай Нямеччыне сталі тым падмуркам, на якім будавалася Беларусь у Амерыцы.

Пры канцы 1940-х перабраўся ў ЗША. Браў актыўны ўдзел у беларускім грамадскім жыцці, напачатку ў моладзевым руху.

Узяў удзел у І Кангрэсе беларусаў Амерыкі, што прайшоў у Саўт-Рыверы, потым уваходзіў у кіруючыя органы Беларускага кангрэсавага камітэта. Спяваў у беларускім хоры «Каліна», якім кіраваў Ксаверы Барысавец.

У 1960-х высвяціўся на дыякана, браў удзел у з’ездах парафій, якія падпарадкоўваліся экзарху канстанцінопальскага патрыярха ў ЗША.

Але нават калі нічога гэтага не было, то даробак Алега Махнюка нельга было б не заўважыць у самым прамым сэнсе гэтага слова.

У канцы 1960-х беларусы Саўт-Рывера вырашылі пабудаваць уласную царкву. Самі рылі катлаван, самі рабілі фундамент.

Алег Махнюк у двары свайго дома зрабіў купал царквы. А потым яшчэ парабіў рамкі для іконаў, аналоі, іканастас, сходы для царквы.
Усяго не пералічаш.

А яшчэ Алег Махнюк быў добры пейзажыст і скульптар. Ён на пяць гадоў перажыў жонку – мастачку Люду Махнюк, што адышла ў лепшы свет у лістападзе 2003 г.

Цяпер сышоў сам,. 24 лютага ён быў пахаваны на беларускіх могілках у Саўт-Рыверы побач з жонкай

Янка Запруднік у лісце напісаў: «Cмерць Махнюка – вялікая страта. Тым больш, што раптоўная (праляжаў тыдзень у шпіталі), Прычына смерці – ускладненні ў выніку пнеўманіі. Вечная памяць».

 Алег Махнюк.

Алег Махнюк.

  Рэпрадукцыя карціны «Беларускі пейзаж»

Рэпрадукцыя карціны «Беларускі пейзаж»

 Царква св. Ефрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы, купал, іканастас, аналой, сходы парабіў Алег Махнюк.

Царква св. Ефрасінні Полацкай у Саўт-Рыверы, купал, іканастас, аналой, сходы парабіў Алег Махнюк.

Ілюстрацыі з архіву аўтара, а таксама кнігі "Беларускія мастакі ў замежжы"

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?