«Абмыць» зарплату не атрымаецца

Прадстаўнікі МУС прапаноўваюць забараніць продаж алкаголю ў крамах у дні выдачы авансу і зарплаты. У ведамстве лічаць, што правядзенне дзён цвярозасці падчас фінансавага пад’ёму грамадзян будзе найбольш эфектыўным. Арыентавацца на час выдачы грошай трэба па самых буйных прадпрыемствах гарадоў: у Жодзіна — «БелАЗ», у Салігорску — «Беларуськалій».

Апошняя ініцыятыва стала найбольш вядомаю: як пра экзатычнае ноў-хаў пра яе напісалі СМІ ва ўсім свеце. Нідзе больш такога няма. Але гэта не адзіныя меры, якімі ў Беларусі спрабуюць стрымаць алкагалізацыю.

Дошкі ганьбы

Ініцыятыва вывешваць фотаздымкі алкаголікаў у грамадскіх месцах належыць уладам Старых Дарог. Фотаздымкі «асацыяльных элементаў» можна ўбачыць не толькі на стэндзе, але і ў раённай газеце. Дошкі ганьбы актыўна выкарыстоўваюць і ў Брэсцкім рэгіёне: на 256 стэндах размяшчаюцца фота п’яніцаў і нелегальных гандляроў алкаголем.

Вылечым... працай

Аднавілі працу ЛПП, у якія накіроўваюць па рашэнні суду для ізаляцыі і абавязковай працы. Тэрмін — год-паўтара. Лячэнне ад алкагалізму, медыкаментознае альбо псіхатэрапеўтычнае, тут ажыццяўляецца толькі па жаданні. Лячэнне іншых хваробаў — толькі па медыцынскіх паказальніках.

ЛПП — установа з досыць жорсткімі правіламі: ізаляваным правапарушальнікам, напрыклад, нельга мець дакументы і грошы.

Вядома, што большасць алкаголікаў пасля ЛПП п’юць, як і раней. 30-35% — эпізадычна. Тых, хто цалкам перамог хваробу, — не больш за 5%.

Нядаўна алкаголікаў сталі адпраўляць у лячэбна-працоўныя прафілакторыі яшчэ і з аркестрам, прамовамі і падарункамі (адбылося гэта ў Мінску і Гомелі).

На працоўным месцы больш не піць!

Дырэктыва №1 Прэзідэнта, якая з’явілася ў 2004 годзе, забараніла ўжываць алкагольныя напоі на працоўным месцы.

Апошняе кітайскае папярэджанне

У барацьбе з п’янствам і дэбашырствам правапарушальнікам выносяць вымовы, папярэджваюць, чытаюць лекцыі і паказваюць відэафільмы прафілактычнага зместу. У Віцебску нават арганізоўваць круглыя сталы з удзелам алкаголікаў, які адбылі тэрмін у лячэбна-працоўным прафілакторыі (ЛПП). Калі алкаголікі не змяняюцца і працягваюць асацыяльны лад жыцця, іх адпраўляюць у ЛПП.

Звярнуцца да Бога

...Заклікаюць людзей, якія хварэюць на алкагалізм. У Мінску алкаголікаў будуць адвозіць у царкву на служэнні. У Слуцку праваслаўныя святары заклікаюць перамагчы духоўныя праблемы зваротамі да Бога. У віцебскай вобласці ёсць вёска Мосар. Тамтэйшы ксёндз Булька выкараняе п’янства ўсімі даступнымі спосабамі.

«Сухія» дні

Акцыя гэтага года — дні цвярозасці, якія пройдуць ва ўсіх гарадах. У адзін з дзён, прызначаных Міністэрствам унутраных справаў, грамадзянам на іх жа карысць не дадуць магчымасці набыць алкагольныя напоі.

Пасля 22.00 гарэлка забароненая

У 2007 годзе па ініцыятыве МУС ва Урад быў унесены законапраект, які абмежаваў час гандлю алкагольнымі напоямі з 9 да 22 гадзінаў. Гэта датычыцца ўсяго асартыменту спіртнога, якое прадаецца ў сетцы рознічнага гандлю.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?