Сонечнай нядзельнай раніцаю 22 лютага на Юбілейнай плошчы натоўп разявакаў назірае за бел-чырвона-белым сцягам, што лунае над вуліцай Кальварыйскай. Стаю з малой у вазку і я.
«Ужо суткі вісіць», — па-змоўніцку паведамляе мне валасаты юнак.

Тым часам пад’язджае пажарная машына з доўгай лесвіцай. Купка міліцыянтаў, чамусьці з аўтаматамі, работнікаў МЧС і колькі людзей у цывільным жмурацца, ці то на зыркае сонца, ці на бялютка-пунсовы сцяг у сінім небе.

Па-будзённаму, дзелавіта, выбралі маладзейшага міліцыянта, які спакойна, без страхоўкі палез у тое неба да сцягу. Цікаўных пабольшала.

Што яшчэ можа весяліць нашых людзей у нядзельную раніцу, як не грамадзкі непарадак?

Каментары пакупнікоў з гарэлачнага аддзелу і каля кіёску «Белсаюздруку» супадалі — вось жа, нехта яшчэ й сцягі вешае... Маўляў, ёсць у некага ахвота. А вось у краме, пры касах, меркаванні людзей рэзка падзяліліся. Варта было аднаму дзядзьку буркнуць нешта нядобрае ў адрас тых, хто вешае сцягі, як касіркі й прадавачкі на яго наваліліся. Чамусьці клялі Маскву. Нашы сцягі, кажуць, ужо даўно час вывешваць, бо цэны растуць, заробкі мізарнеюць, а хто гэтага не разумее — сам прыдурак!

Тым часам сцяг ужо знялі. Радыя добраму надвор’ю і прыгодзе без рызыкі, міліцыянты незласліва камэнтавалі, як спрытна той сцяг быў закінуты на дрот над вуліцай. «Я ж табе казаў! Во як яны робяць, з дротам і грузам», — казаў астатнім старэйшы. Сцяг быў акуратна згорнуты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?