Нягледзячы на раней дасягнутыя дамоўленасці, другі транш расійскага стабілізацыйнага крэдыту да канца лютага ў Беларусь не паступіў.

Як паведамілі БелаПАН у Нацыянальным банку, на рахункі Міністэрства фінансаў у галоўным банку краіны сродкі другога транша расійскага крэдыту пакуль не паступалі.

У самім Мінфіне сітуацыю з другім траншам крэдыту не каментуюць.

Першая частка расійскага крэдыту ў памеры 1 млрд. даляраў паступіла на рахунак Мінфіна Беларусі 18 лістапада 2008 года.
Дзяржаўны крэдыт прадастаўлены Беларусі на 15 гадоў па стаўцы Libor плюс 3% гадавых з адтэрміноўкай пагашэння асноўнага доўгу на пяць гадоў.

Планавалася, што другі транш крэдыту ў памеры 1 млрд. даляраў будзе пералічаны Беларусі да канца лютага 2009 года пасля падпісання праграмы сумесных дзеянняў па развіцці эканамічнага супрацоўніцтва. Пры гэтым у канцы студзеня прэм’ер‑міністр Расіі Уладзімір Пуцін паабяцаў паскорыць выдачу другой паловы сродкаў.

27 лютага прэм’ер‑міністр Беларусі Сяргей Сідорскі падчас візіту ў Санкт‑Пецярбург заявіў, што дакумент аб выдзяленні другога транша расійскага крэдыту ў памеры 1 млрд. даляраў ЗША плануецца падпісаць у Маскве ў найбліжэйшыя дні. З гэтай мэтай беларускія ўрадавыя эксперты знаходзіліся на мінулым тыдні ў расійскай сталіцы.

Пры гэтым С.Сідорскі зазначыў, што Міністэрства фінансаў Расіі звярнулася да беларускіх партнёраў з просьбай раздзяліць сродкі другой часткі крэдыту яшчэ на два траншы — па 500 млн. даляраў у лютым і сакавіку.

24 лютага падчас наведвання Мінскага маторнага завода прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка заявіў, што сродкі расійскіх і заходніх крэдытаў пакуль выкарыстоўваюцца на падтрыманне нацыянальнай валюты.

«Для нас гэта, канешне, вельмі вялікая падтрымка, але гэта, у параўнанні з аб’ёмамі работы нашай эканомікі, — мізэр, — зазначыў беларускі кіраўнік. — Пакуль што нас, канешне, гэта ратуе. Але ніхто нам не дапаможа ў поўным аб’ёме, калі не будзе працаваць эканоміка».

Вядома таксама, што, акрамя стабілізацыйнага крэдыту, беларускія ўлады запыталі ў Расіі крэдыт ў памеры 100 млрд. расійскіх рублёў у абмен на пераход на разлікі ў рублях ва ўзаемным гандлі. Рашэнне па гэтым запыце пакуль не прынята.

Аляксей Арэшка, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0