Беларус, які ўвайшоў у лік топ-эканамістаў свету, адказвае на пытанні naviny.by і дзеліцца ліберальнымі рэцэптамі.

Міжнародны эканамічны форум у Давосе не толькі скончыўся скандалам, але і абвясціў спіс лаўрэатаў прэміі «Маладыя глабальныя лідэры 2009», сярод якіх упершыню ёсць і беларус – прафесар эканомікі Йельскага універсітэту Алег Цывінскі.

«Маладыя глабальныя лідэры» — своеасаблівы «кадравы рэзерв свету»: гэта 230 навукоўцаў, палітыкаў, бізнесменаў, прадстаўнікоў медыяў і няўрадавых арганізацыяў з 71 краіны. Спецыяльны камітэт абіраў лаўрэатаў сярод 5000 чалавек за прафесійныя дасягненні, заслугі перад грамадствам і патэнцыял да фармавання будучыні планеты.

Упершыню ў гісторыі форуму маладых лідэраў у ганаровы спіс уключаны беларус Алег Цывінскі. І хаця насупроць прозвішча прафесара эканомікі стаіць ЗША, грамадзянства ў лаўрэата беларскае, мяняць яго, дарэчы, ён не збіраецца.

«Там пазначаная краіна, дзе я цяпер жыву і працую, — удакладняе Алег Цывінскі. — З аднаго боку, гэта добра. У ЗША канкурэнцыя вышэйшая, чым у маленькіх краінах. Але, канечне, — гэта прэмія і для Беларусі».

Алегу толькі 31 год, але за гэты час ён скончыў Беларускі дзяржаўны эканамічны універсітэт і атрымаў ступень доктара эканомікі у Універсітэце Мінесоты. Быў прафесарам у Гарвардскім універсітэце і ў Універсітэце Каліфорніі ў Лос‑Анджэлесе, а цяпер ён прафесар у Йельскім універсітэце. Ягоныя фундаментальныя працы па тэорыі падаткаабкладання, дзяржаўных фінансах і макраэканамічнай палітыцы надрукаваныя ў самых прэстыжных міжнародных акадэмічных часопісах. Працы Цывінскага адзначаныя многімі прэміямі, у тымі ліку Прэміяй CAREER Нацыянальнага навуковага таварыства ЗША (самая прэстыжная прэмія для маладых навукоўцаў у ЗША). Ён піша артыкулы для міжнародных выданняў, а таксама вядзе калонку ў расійскай газеце «Ведомости».

Уключэнне Цывінскага ў спіс «Маладых глабальных лідэраў» дало яму не толькі прыгожы радок у біяграфіі, але і ўдзел у многіх праектах.

«Форум маладых лідэраў – вельмі актыўная група, якая прасоўвае шмат глабальных ініцыятываў: эканамічнае развіццё, барацьба з галечай, паляпшэнне сістэмаў аховы здароўя. Многія з гэтых пытанняў адштурхоўваюца ад эканомікі, і таму, я думаю, у мяне будзе ўплывовы голас. І апрача гэтага — гэта адна з самых цікавых груп людзей у свеце, кожны з якіх мае вялізны патэнцыял і шмат чаго ўжо дасягнуў. Палітыкі, спартоўцы, інтэлектуалы, акторы – проста цікава кантактаваць з людзьмі, якія вызначаць будучыню свету праз 5‑10 гадоў», — адзначае Алег Цывінскі.

Акрамя вырашэння сусветных праблемаў Цывінскі бачыць сваёй задачай расказваць як мага болей пра Беларусь: «Беларусь практычна не прадстаўленая ў міравой эліце – бадай, адзінае выключэнне – гэта спорт».

Сярод намінантаў прэміі «Маладыя глабальныя лідэры 2009» такія знакамітыя людзі як гоншчык Формулы‑1 Міхаэль Шумахер, выканаўчы дырэктар сэрвіса Youtube Чэд Харлі і іншыя.

«Папрашу ў Майкла Шумахера ўрок кіроўцы, а ў Тайгера Вудса навучуся гольфу», — жартуе малады лідэр з Беларусі.

Доктар экономікі Алег Цывінскі падзяліўся сваімі думкамі пра сітуацыю ў Беларусі.

— Дык ёсць у Беларусі крызіс, альбо, калі верыць прэзідэнту, яго няма і не будзе?

— Беларусь закранае крызіс, як і ўсе іншыя краіны. Нашы асноўныя гандлёвыя партнёры — як Расія, так і Захад — адчуваюць жорсткі крызіс. У Расіі хапае сваіх праблемаў, ды рэзервы ў іх не бясконцыя. На Захадзе – крызіс будзе адным з самых цяжкіх у паваенны час. Акрамя таго, Беларусі трэба мадэрнізаваць эканоміку, каб падоўжыць высокія тэмпы эканамічнага росту.

— Калі б вы былі міністрам эканомікі Беларусі, што б вы зрабілі ў першую чаргу?

— Зразумела, што трэба лібералізаваць эканоміку. Каманднымі і загаднымі метадамі з крызісам не саўладаць. Такія меры толькі працягнуць крызіс. Рынкавая і свабодная эканоміка, канечне, не без праблемаў, але гэта лепшая з сістэмаў, намі вынайдзеных да гэтага часу. А калі больш спецыфічна – перастаць стрымліваць рубель, зніжаць падаткі, зніжаць адміністратыўныя бар’еры для бізнесу, памяншаць ролю дзяржавы ва ўсіх сферах.

У мяне няма адной парады – магічнай кулі, якая б здолела забіць крызіс. Ураду трэба прыслухоўвацца да думкі экспертаў, як гэта робіцца ва ўсім свеце. Менавіта падчас крызісу няправільныя рашэнні могуць каштаваць вельмі дорага.

— А, можа, прыслухоўвацца няма да каго?

— Якраз прыслухоўвацца ёсць да каго. Ёсць беларускія эканамісты сусветнага ўзроўню, якія займаюцца макраэканамічнай палітыкай. Гэта Міхаіл Голасаў — прафесар эканомікі ў Масачусэтскай тэхналагічным інстытуце (гэта адзін з найлепшых факультэтаў эканомікі свету), Ігар Ліўшыц у Універсітэце Заходняга Антарыё ў Канадзе (лепшы канадскі універсітэт).

— А ці ёсць нейкія поспехі беларускага ўраду падчас крызісу, за якія вы гатовыя калі не пахваліць, то сказаць «дзякуй»?

— Правільна, што дэвальвавалі рубель адразу, а не цягнулі, як Расія. У Расіі праз плаўную дэвальвацыю страцілі аграмадную колькасць рэзерваў і ўсё адно рубель не ўтрымалі. Тое самае было б і ў Беларусі: згубілі б усе рэзервы і не ўтрымалі б рубель. Правільна, што ўзялі крэдыт у МВФ і Расіі, правільна, што збіраюцца скарачаць выдаткі і секвестраваць бюджэт.

— А калі казаць пра канкрэтныя дзеянні, пра тое, што трэба зараз рабіць у Беларусі?

— Я ўжо пісаў пра гэта для расійскай эканомікі. У дадзеным выпадку парады можна выкарыстаць і для Беларусі. Напрыклад, знізіць падаткі. Гэта больш эфектыўна, чым павялічваць дзяржвыдаткі. Павелічэнне дзяржвыдаткаў сёння ў модзе ва ўсім свеце. У ЗША новы прэзідэнт плануе выдаткаваць 800 млрд даляраў за два гады на стымуляванне эканомікі, з іх прыблізна палова сыдзе на павелічэнне дзяржвыдаткаў. Але больш эфектыўным і празрыстым стымулам было б зніжэнне падаткаў. Эканамічныя даследаванні сведчаць, што ў гэтым выпадку мультыплікатыўны эфект сапраўды высокі. Больш за тое, зніжэнне падаткаў на працу дапамагае ў барацьбе з беспрацоўем — адным з асноўных прыярытэтаў сацыяльнай палітыкі (менавіта таму план Абамы – гэта не толькі рост дзяржвыдаткаў, але і істотнае зніжэнне падаткаў на працу). Як кампенсаваць зніжэнне падаткаў? За кошт зніжэння дзяржвыдаткаў і за кошт запазычванняў. Таксама не трэба стрымліваць курс рубля, лепш падтрымліваць людзей наўпрост, а не рэальны сектар, неабходна пазбегнуць пратэкцыянізму і павышэння імпартнага мыта.

— Вы вельмі добра ведаеце гісторыю сусветнай эканомікі і ў сваіх інтэрв’ю і працах заўсёды прыводзіце канкрэтныя прыклады з гісторыі. З чым можна параўнаць крызісную сітуацыю ў Беларусі?

— Найлепшае параўнанне даюць амерыканскія эканамісты Кармэн Рэйнгардт и Кенэт Рогаф. Яны прааналізаваць ўсе значныя крызісы паваеннага часу і ў развіццёвых, і ў развітых краінах (напрыклад, Швецыя ў 1991 годзе, Калумбія ў 1998 годзе, Аргенціна ў 2001 годзе — усяго 25 крызісаў). Менавіта такі «зрэз» і дае найлепшае ўяўленне пра тое, што адбываецца і што можа адбыцца.

— З якой краінай можна параўнаць эканоміку Беларусі?

— Найлепшае параўнанне – гэта найперш па ВУП паводле пакупніцкай здольнасці. Па гэтым паказчыку Беларусь на 60‑м месцы ў свеце з ВУП у 12 000 даляраў. Беларусь – краіна сярэдняе заможнасці, дзесьці на ўзроўні Ўругваю. Але ў Беларусі значна вышэйшы ўзровень адукацыі, аховы здароўя за многія іншыя падобныя краіны. Таму і патэнцыял вышэйшы. Акрамя таго, мы ўсё‑ткі ў цэнтры Еўропы, і гэта мае станоўчы ўплыў.

— А што прынясе крызіс Беларусі?

— Эканамісты — кепскія прадказальнікі. Адзіны больш альбо менш верны прагноз – значнае запавольванне эканамічнага росту. Беларусь – ужо даволі багатая краіна. І таму без кардынальных зменаў эканамічнай палітыцы ў бок лібералізацыі росту не будзе. Асабліва ў паслякрызісны перыяд. Рынкавыя эканомікі выйдуць з крызісу больш «сухапарымі» і абноўленымі, і канкураваць на сусветным узроўні будзе ўсё цяжэй. Таму галоўнае пытанне ў тым, як зрабіць эканоміку больш рынкавай. Беларусь расла хутка, але з нізкага старту і з‑за спрыяльных вонкавых умоваў (напрыклад, высокі рост у Расіі). Цяпер і вонкавыя ўмовы пагоршыліся, і няма перавагаў нізкага старту. Мадэрнізацыя немагчымая без замежных інвестыцыяў. У сувязі з крызісам аб’ёмы замежных інвестыцыяў будуць нашмат меншыя ва ўсім свеце, а асабліва ў развіццёвыя краіны. Інвестары бягуць у бяспечныя актывы, і ніхто не хоча ўкладваць у рызыкоўныя краіны. Таму канкурэнцыя за інвестыцыі таксама абвострыцца.

— Зусім сумна…

— Ды не, не сумна. Крызіс – якраз той час, калі трэба перагледзець усе догмы і зрабіць штосьці кардынальна новае для краіны, вывесці яе на новы ўзровень развіцця. Час шчыра сказаць пра крызіс.

— А гэта магчыма пры цяперашнім палітычным раскладзе?

— Эканамічныя прынцыпы і правільная эканамічная палітыка працуюць пры розных палітычных рэжымах. То бок, будуць працаваць і ў нас.

— То бок, гэта павінен зрабіць прэзідэнт?

— І прэзідэнт, і ўрад. Расійскі ўрад ужо зразумеў, што перачакаць крызіс не выйдзе і імкнецца здзейсніць (не без памылак) цалкам адэкватныя эканамічныя меры і не адмаўляць крызіс. Я думаю, што ў Беларусі такое разуменне прыйдзе, калі будзе зразумела, наколькі сур’ёзны эканамічны крызіс і што шапкамі яго не закідаць.

— Вы атрымалі ў ЗША цудоўную адукацыю, досвед працы. Ці не жадаеце цяпер вярнуцца ў Беларусь?

— Галоўная праблема ў тым, што ў Беларусі пакуль няма сур’ёзнай эканамічнай навукі і ўмоваў для працы.

— А сваю школу тут стварыць не жадаеце?

— Жаданне ёсць. Але, па‑першае, стварэнне першакласнай школы сусветнага ўзроўню патрабуе аграмадных рэсурсаў і 10‑15 гадоў. Такія прэцэдэнты ёсць — Універсітэт Баконі ў Італіі, напрыклад, у які вярнуліся італьянцы з топавых амерыканскіх універсітэтаў. Расійская эканамічная школа ў Маскве – гэта таксама адзін з больш нядаўніх прыкладаў. Акрамя таго, пакуль я даволі малады і, у асноўным, прасоўваю сваю навуковую школу і менш займаюся адміністрацыяй.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?