Крымінальная справа па факце збівання і выкрадання лідэра стваранага руху «Маладая Беларусь» Артура Фінькевіча прыпынена «з‑за недахопу доказаў».
Як паведаміў БелаПАН А.Фінькевіч, адпаведны ліст ён атрымаў 3 сакавіка з міліцыі Першамайскага раёна Мінска за подпісам следчага Дзмітрыя Смірнова.

19 снежня 2008 года на Фінькевіча напалі невядомыя, калі ён выйшаў з пад’езда свайго дома па вуліцы Парніковай. Нападаўшыя збілі яго з ног, накінулі на галаву вялікую зімовую шапку і зацягнулі ў мікрааўтобус. У Фінькевіча вывернулі кішэні, забралі дакументы, кашалёк (там было каля 240 тыс. рублёў) і ключы. Праз тры гадзіны яго высадзілі з машыны прыкладна ў 25 кіламетрах ад сталіцы, у лесе. Актывіст, калі дабраўся да Мінска, адразу ж накіраваўся ў РУУС Першамайскага раёна і напісаў заяву аб збіванні.

«Следчыя з самага пачатку паставіліся да маіх паказанняў з недаверам, — паведаміў А.Фінькевіч. — А праз дзень у мяне ў кватэры быў праведзены вобыск: міліцыянеры забралі ўсе носьбіты інфармацыі, а таксама футболкі, сцягі і павязкі з сімволікай руху «Маладая Беларусь». Праз некалькі дзён у мікрараёне Серабранка мяне нечакана схапілі людзі ў цывільным і адвезлі ў аддзяленне міліцыі Першамайскага раёна, дзе дапытвалі з прымяненнем дэтэктара хлусні».

Каментуючы рашэнне аб прыпыненні справы, маладзёжны актывіст заявіў: «Па дзеяннях супрацоўнікаў міліцыі з самага пачатку было бачна, што ўсё ідзе да гэтага. Мне здаецца, яны і не спрабавалі шукаць сапраўдных злачынцаў».

Сяргей Пульша, БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0