3 сакавіка у мінскай кавярні UPTEKA, з шкілетамі, шпрыцамі і клапатлівымі санітарамі, адбылася цырымонія ўручэння ўзнагародаў сеткі крамаў «Містэрыя гуку».

Лідэры продажаў традыцыйна атрымалі дыпломы, апладысменты і нетрадыцыйна — тэрапеўтычную мікстуру.

2008 год у беларускай музыцы з пункту гледзішча рэлізаў нельга назваць правальным — айчыннымі артыстамі было выпушчана больш за 60 дыскаў. Топ‑10 паводле вынікаў продажаў 2008 году выглядае так:

    1. Сярога «Хроника парнишки с гомельских улиц»
    2. J:морс «Адлегласць»
    3. Ляпіс Трубяцкой «Капитал»
    4. Тяни‑Толкай «Как же долго я тебя искал»
    5. Шаркунова Ганна «Сердце красавицы»
    6. Bez Bileta «Настоящая любовь»
    7. ДзеціДзяцей «ОтЛично»
    8. Б’янка «38 замков»
    9. Нейра Дзюбель «Stasi»
    10. Крамбамбуля «The Best Albo Belarusian Disco»

— Сёлета, у адрозненне ад мінулага году, відавочна бракавала топ‑рэлізаў, г.зн. дыскаў, што прэтэндуюць на вялікія аб’ёмы продажаў, — адзначыў прадзюсар узнагародаў Адам Старповіч, — Пра гэта выразна сведчыць той факт, што Топ 10 па выніках 2008 напалову складаецца з дыскаў, выпушчаных на год («J:морс», «Ляпіс Трубяцкой», «Нейра Дзюбель», «Крамбамбуля»), і нават на два («Тяни‑Толкай») раней. Хаця, натуральна, ёсць імавернасць, што некаторыя рэлізы, выпушчаныя ў канцы 2008 году, яшчэ пакажуць сябе па выніках 2009 году. На гэтым фоне адным з галоўным прэтэндэнтаў на першае месца па выніках 2008, безумоўна, быў бы альбом «Манифест» гурта «Ляпіс Трубяцкой», але выкладванне гэтага дыску для свабоднага спампоўвання ў інтэрнэце пазбавіла яго большай часткі першапачатковых продажаў. Хаця нельга не адзначыць, што нават пры гэтым альбом ледь не трапіў у Топ 10 і зараз карыстаецца стабільным попытам.

Усе артысты выказвалі сваю падзяку па-рознаму. Гурт «Дзецідзяцей», напрыклад, быў шчыра здзіўлены: «Спярша нам сказалі, што мы на 10‑м месцы, потым на 9‑м, выявілася — на 7‑м! Мы вельмі ўзрадваліся!» ДзеціДзяцей рагаталі, а потым выканалі а капэла кампазіцыю ўчатырох з дастаткова змястоўнай лірыкай: «Эу, эу, эу!».

Віталік Артыст быў падрыхтаваны і выступіў з сапраўды рэвлюцыйнай прамовай, якая магла б належаць Уладзіміру Маякоўскаму: «Дарагія суайчыннікі! Мы хочам вам нагадаць: ад усмешкі стане ўсім святлей, ад усмешкі ў небе запаліцца вясёлка, падзяліся ўсмешкаю сваёй, і яна да цябе неаднойчы яшчэ вернецца» — і гэтак далей па тэксце. З усім афіцыёзам, урачыста і з расстаноўкай Віталік Артыст прамаўляў сваю вывераную прамову. Скончыў тэатральным: «І мы разам з ім (альбомам — ад аўт.) заззяем! Будзьма здаровыя!»

Ганна Шаркунова і яе прадусар Уладзімір Кубышкін у два галасы дзякавалі адзін аднаму: «Мы вельмі доўга ішлі да гэтай кружэлачкі: тры гады, — сур’ёзна сказаў Уладзімір. — Мы вельмі ўдзячныя ўсім, хто купляў «Сердце красавицы»!

«Тяни‑толкай» былі радыя, але, у адрозненне ад сваіх калегаў, зусім не здзіўленыя: яны ўжо трэці год атрымліваюць узнагароду «Містэрыі гука» у намінацыях галоўных бестсэлераў году — і, што самае цікавае, за адзін і той самы альбом: «Как же долго я тебя искал» 2006‑га году выпуску. «Гэта вельмі выгадна! — смяецца Павел Тараймовіч. — Спадзяюся, яшчэ гадоў пяць працягнем на гэтым матэрыяле!»

Гурт J:морс прыйшоў на ўзнагароджванне разам з нядаўнай сваёй стратай — гітарыстам Раманам Арловым, з якім быў запісаны адзначаны ўзнагародай альбом «Адлегласць». «Не было б другога месца без Уладзіміра Пугача і… не было б другога месца, калі б не Сярога! — жартаваў Раман, — Было б першае! Дзякуй, Сярога!»

Гвозд вечара — культавы рэпер Сярога — гаварыў шмат: «Дзякуй вялікі! Крыху дзіўна, таму што і Ляпіс Трубяцкой, і J:mopс, і іншыя выканаўцы заслугоўваюць першых месцаў. Мне вельмі прыемна, што мяне палічылі беларускім артыстам, таму што многія памылкова лічаць мяне музыкам расійскага шоў‑бізнэсу. Можа быць, назва альбому паўплывала. Я толькі што прыехаў у Гомель і па дарозе натыкнуўся на такі надпіс, які мне вельмі спадабаўся: «Купляйце беларускае!» Няхай гэта будзе маім лозунгам! Я рады, што закранаецца больш шырокі пласт, чым шоў‑бізнэс Рэспублікі Беларусь».

— Застаецца толькі адзначыць, што стылістычна дзясятка гэтага году выйшла больш збалансаванай і разнастайнай, ‑‑ рэзюмаваў Адам Старповіч, — Калі ў Топ‑10 мінулага году было 9 рок‑рэлізаў і 1 дыск з вобласці поп‑музыкі, то ў гэтым годзе ўзнагародамі адзначаныя 6 дыскаў рок‑музыкаў, 3 альбомы поп‑музыкаў і 1 рэп‑рэліз.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?