Выстава народных тэкстыльных абрадавых лялек «Чарадзейныя лялькі» адкрылася 3 сакавіка ў Доме‑музеі I з’езда РСДРП, які з’яўляецца філіялам Нацыянальнага музея гісторыі і культуры.

Адкрываючы экспазіцыю, дырэктар музея Сяргей Вечар зазначыў, што на гэтым тыдні музей пачынае тры цікавыя экспазіцыйныя праекты, у тым ліку інтэрактыўную выставу «Чарадзейныя лялькі», прысвечаную Году роднай зямлі. Паводле яго слоў, наведвальнікі выставы змогуць не толькі ўбачыць экспазіцыю, але і паспрабаваць сваімі рукамі зрабіць любы з прадстаўленых вырабаў.

Паводле слоў майстрыхі па вырабе лялек Зінаіды Зімінай, абрадавыя лялькі, якія традыцыйна ствараюцца без іголак і нажніцаў, уяўляюць сабой нескладаныя канструкцыі з асновы і кавалачкаў тканіны. Іх можна падзяліць на «апранутых» і «неапранутых». Адзенне надае вырабам полаўзроставую характарыстыку, у другім выпадку лялькі ўяўляюць сабой сімвалічныя выявы. «Акрамя найбольш распаўсюджаных адзінкавых абрадавых лялек майстрыхі выраблялі парныя лялькі, а таксама шматпрадметныя кампазіцыі з некалькіх лялек. Абрадавых лялек дбайна бераглі і адводзілі ім патаемнае месца ў «чырвоным» куце хаты і ў куфры, а таксама давалі нявесце ў пасаг. Паводле народных павер’яў, лялькі‑абярэгі неслі ў сабе толькі добры пачатак і служылі строга вызначаны час, а затым спальваліся, тапіліся або закопваліся. Толькі некаторыя лялькі, у тым ліку вясельныя і суцяшальныя з падола матчынай сукенкі, захоўваліся доўга», — зазначыла З.Зіміна.

У экспазіцыі разам з дзіцячымі і абрадавымі лялькамі прадстаўлены традыцыйныя нацыянальныя касцюмы, вырабы беларускіх ткалляў, а таксама унікальныя драўляныя рэліквіі з калекцыі музея,

у тым ліку дзіцячая зыбка 1940‑х гадоў з вёскі Шавялі Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці, дзіцячая стойка і дзіцячы хадунок 1930‑х гадоў з вёскі Падлессе таго жа раёна. Апрача таго, дэманструюцца тэхналогіі вырабу розных абрадавых лялек.

Выстава працуе да 4 мая.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?