Пахаванне крымінальнага аўтарытэта Уладзіміра Бірукова, якое павінна было адбыцца сёння ў Бабруйску (Магілёўская вобласць), перанесена на 5 сакавіка.Яго цела было дастаўлена ў Беларусь увечары 3 сакавіка.
Перанос пахавання, як відаць, быў звязаны з неабходнасцю правядзення праваахоўнымі органамі экспертыз. Як паведаміла БелаПАН крыніца ў галоўным упраўленні па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю МУС, «праведзены ўсе неабходныя экспертызы, і цяпер дакладна вядома, што памерлы — Уладзімір Бірукоў».
Ураджэнец Бабруйска У.Бірукоў, вядомы ў крымінальным свеце пад мянушкамі Бірук або Біра, — самы багаты выхадзец з Беларусі, які адносіў сябе да катэгорыі «злодзеяў у законе».У канцы 1990‑х гадоў уцёк з Беларусі. Яму было выстаўлена абвінавачанне ў вымагальніцтве і махлярстве.
У 2003 годзе У.Бірукоў затрымліваўся праваахоўнымі органамі Расіі паводле просьбы беларускага боку, але быў адпушчаны, бо з 2001 года з’яўляўся грамадзянінам РФ і не ўчыняў злачынстваў на тэрыторыі гэтай краіны.
У 2008 годзе У.Бірукоў быў аб’яўлены беларускімі праваахоўнымі органамі ў міжнародны вышук па падазрэнні ў арганізацыі незаконнай скупкі нерухомасці ў Бабруйску. 19 лютага 2009 года яго затрымалі ў Маскве, але 20 лютага адпусцілі з‑пад арышту, таму што ў расійскага боку прэтэнзій да яго не было. 28 лютага У.Бірукоў памёр у Маскве ад вострай сардэчнай недастатковасці.
У.Бірукоў будзе пахаваны на Мінскіх могілках у Бабруйску побач з бацькам. Цяпер там праводзяцца работы, звязаныя з пахаваннем. Паводле звестак БелаПАН, пахаванне прызначана арыенціровачна на 15‑ю гадзіну.