Здароўе школьнікаў у Беларусі працягвае пагаршацца, заявіла галоўны педыятр Міністэрства аховы здароўя Алена Нявера 4 сакавіка на рэспубліканскай нарадзе ў Мінску.

Паводле яе слоў, у параўнанні з пачаткам 1990‑х гадоў захворванне школьнікаў вырасла на 26%, захворванне падлеткаў 15—17 гадоў — на 39%.

У 2008 годзе ў Беларусі налічвалася 18,6% школьнікаў з хранічнымі захворваннямі і інвалідаў. Ва ўзроставай групе 15—17 гадоў гэты паказчык дасягаў 21,3%.
Пры гэтым сітуацыя з захворваннем дашкольнікаў некалькі паляпшаецца. У 2008 годзе на 5% знізілася захворванне дзяцей ва ўзроставых групах да года і 1—4 гады. Як лічыць галоўны педыятр, гэта вынік правядзення шэрагу прафілактычных мер.

Як паведаміла А.Нявера, у апошнія гады змяняецца структура дзіцячых хвароб і характар іх цячэння. Расце дзіцячы траўматызм. Так, у структуры дзіцячай смяротнасці лідзіруюць знешнія прычыны (патапленні, самагубствы, забойствы, дарожна‑транспартныя здарэнні). Летась ад знешніх прычын загінулі 336 дзяцей — 34,5% усіх памерлых непаўналетніх.

У параўнанні з 2007 годам летась у два разы — з 22 да 44 выпадкаў — узрасла колькасць дзіцячых самагубстваў.
На думку спецыяліста, гэта сведчыць пра недастатковую псіхалагічную дапамогу падлеткам, асабліва на вёсцы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?