Стараннямі польскай меншасці ў Гродне кірмаш у гонар св. Казіміра адбываецца ўжо дзевяты год запар.

3 сакавіка «Казюкі» святкавалі сябры афіцыйна непрызнанага ўладамі Саюза палякаў. На наступны дзень на кірмаш запрашалі актывісты праўладнага СПБ.

Свята «неафіцыйнага» Саюза палякаў прайшло ў службовым пакоі арганізацыі.

Немалая заля па перыметры была ўся застаўлена прылаўкамі з вышыванымі ручнікамі, сурветкамі, кошыкамі. Распаўсюджаны сюжэт на карцінах і вышыванках — анёлы, каложская царква і гарадзенскія касцёлы.

Сярод выступоўцаў на кірмашы вядомы гарадзенскі музыка Яўген Петрашэвіч. На Казюкі ён прыйшоў з удзельнікамі свайго фальклорнага ансамбля «Дударыкі».

Іду да стала, дзе прадаецца галоўны атрыбут свята — упрыгожаныя вербачкі. Пані Данута жвава расказвае:

— Гэта вярба называецца гродзенская пальма, — тлумачыць майстрыха. — Яна плоская, упрыгожана сухімі натуральнымі кветкамі і абавязкова мае сапраўдную галінку вярбы. Яе трэба паставіць у ваду, каб пусціла зялёныя лісточкі. А там віленскія пальмы, — паказвае мая суразмоўца на стол побач: Яны круглыя.

А ці доўга пані рыхтавалася да свята?

— Мы робім свае пальмы адмыслова да Казюкаў і Вербнай нядзелі. Матэрыял гадуем круглы год. Ужо пасеялі сухавейкі. Летам мы сушым гэтыя кветкі і збіраем зёлкі.

— Шмат стагоддзяў таму гандляры лічылі, што моц святога Казіміра ў гэты дзень надзвычай спрыяе гандлю. А пані верыць у апякунства Святога?

— Так! Свенты Казімеж — гэта наш патрон.

Гутарку падхоплівае суседка пані Дануты:

— Казімеж быў апекуном усяго Вялікага княства. А там былі і палякі, і літоўцы, і беларусы. Трэба ўжо і нашым людзям навучыцца паміж сабой ладзіць…
— з хітрынкай пазірае пажылая кабета.

Прывітальнае слова старшыні Саюза палякаў Анжалікі Борыс было засмучаным апошнімі падзеямі вакол арганізацыі:

На некалькіх нашых актывістаў складзены пратаколы аб адміністрацыйных правапарушэннях. Гэта значыць, што могуць быць арышты напярэдадні з’езду —

мы рызыкуем не сабраць кворум,
— спн. Борыс дадала, што не спыняюцца правакацыі супраць кіраўніцтва СПБ:

Літаральна гадзіну таму з’явіліся здымкі, на якіх паказаны мой твар і аголенае цела якойсьці жанчыны.

Анжаліка Борыс паведаміла, што з’езд адбудзецца не ў Баранавічах, як планавалася, а ў Гродне
і заклікала ўсіх прысутных прыйсці падтрымаць сход.

— Pani Prezes, jesteśmy z wami! — хтосьці гукнуў з залі.

***

На Савецкай вуліцы вісіць вялізны транспарант з надпісам па‑польску і па‑беларуску «Запрашаем на «Казюкі». З узмацняльнікаў гучна разносіцца: «…там соловейко щебетав…» Гандляры ўжо расклалі свой тавар. У большасці ўдзельнікаў кірмаша бэджы з эмблемай аб’яднання народных майстроў «Гарадзенскі каларыт».

А сёння ж Казімежа! Трэба Казіка паздравіць! — побач са мной размаўляе па мабільным тэлефоне мажная спадарыня.— Выйшла я ў магазін, а тут выстаўка такая!..

Праз 15 хвілін — адкрыццё кірмаша. Людзей пакуль што няшмат. Мінакі па дарозе на працу спыняюцца каля прылаўкаў.

— Цацкі! Беларускія цацкі! Усе сама шыла. Кантроль гігіенічны ёсць. Гэтага сабачку завуць Мулечка, а гэтага Самсончык, — голасна дэманструе свой тавар румяная цётка. — Толькі паралончык з поўсці Самсончыка вы ўжо самі вычашыце…

Каля імправізаванай сцэны, прыступкаў канцэртнай залі «Гродна», натоўп пачынае гусцець. Спадарыня са спісам у руках бадзёра звяртаецца да маладых людзей побач: «Падцягваемся! Ці нехта хоча ў школу вярнуцца?»

— А ваш клас, хіба, спецыялізуецца на польскай мове? — звяртаюся да хлопца з заплечнікам.

— Ды не, мы англійскую вучым. Я ўвогуле не ведаю, што тут будзе.

Нас для масавасці прывялі, — тужліва адказвае мне школьнік.

Неўзабаве падыходзіць яшчэ адна немалая група моладзі з чырвона‑зялёнымі сцяжкамі і сімволікай гарадзенскага універсітэта. Сярод іх пазнаю студэнтаў гістфаку.

Урачыстае адкрыццё «Казюкаў‑2009» нагадвала шматлікія афіцыёзныя святы з удзелам «высокіх гасцей». Службоўцы з гарвыканкама па чарзе паўтарылі дзяжурныя фразы кшталту «На талерантнай беларускай зямлі побач мірна жывуць татары, беларусы, палякі, яўрэі…» і «Шматлікія нацыянальныя аб’яднанні робяць неацэнны ўнёсак у развіццё культуры».

Карыстаючыся нагодай, мясцовая чыноўніца Ірына Сенчанкава павіншавала «нашых прэкрасных жэншчын» з надыходзячым 8 сакавіка.
Дыпламатаў з польскага консульства не было.

Пасля прамовы старшыні Саюза палякаў Іосіфа Лучніка настаўніцкі нагляд за прысутнасцю вучняў стаў менш пільным. Падлеткі па‑ціхеньку разышліся: хто дадому, хто па прылаўках. У аднаго з майстроў заўважаю керамічныя гербы «Пагоня», глазурныя кулончыкі з бел‑чырвона‑белымі ўзорамі:

‑- Разыходзяцца «Пагоні»?

— Толькі адну вялікую прадаў. Можа, ужо забылі, што гэта…

Хрысціна Марчук

 Віленскія пальмы

Віленскія пальмы

 Дзве Анжалікі: Борыс і яе намесніца Арэхва

Дзве Анжалікі: Борыс і яе намесніца Арэхва

 Консул Ян Срока

Консул Ян Срока

 Чыноўнік Алег Папоў і кіраўнік праўладнага СПЮ Іосіф Лучнік.

Чыноўнік Алег Папоў і кіраўнік праўладнага СПЮ Іосіф Лучнік.

 Дзяўчаты-вядучыя з польскай школы.

Дзяўчаты-вядучыя з польскай школы.

Фота Хрысціны Марчук і Юліі Катаржынскай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0