Пуцінскі рэжым змагаецца за выжыванне, і гэта добрая навіна, піша ў газеце «Ўол‑стрыт джорнал» экс‑чэмпіён свету па шахматах Гары Каспараў, які сёння кладзе жыццё на стварэнне руху за грамадзянскія правы ў Расіі.

Кепская навіна, што адміністрацыя Абамы спрабуе з заігрываць з аўтарытарнай Расіяй, працягвае ён.

На думку Каспарава, спадзяванні на Расію як саюзніка ў стрымліванні атамнага праекту Ірану нездаровыя. І няма сэнсу адмаўляцца ад праграмы размяшчэння проціракетаў у Еўропе дзеля гэтага, бо Пуцін усё адно ашукае. Чаму?

Бо

Пуцін залежыць ад цэнаў на нафту, а таму ўсё адно будзе і ядзернае ўзбраенне Ірану падтрымліваць, і тэрарыстаў узбройваць на Блізкім Усходзе, абы дэстабілізаваць сітуацыю ў нафтаносным рэгіёне,
мяркуе Каспараў.

Абама працягвае Пуціну аліўкавую галіну міру тады, калі крамлёўскі рэжым як ніколі блізкі да свайго краху. Нездарма ў Расіі ідзе інтэнсіўнае нарошчванне фармаванняў спецназу, прызначаных для змагання з вулічнымі пратэстамі. Фонду нацыянальнага дабрабыту можа аказацца замала, каб уратаваць ад банкруцтва ўсіх алігархаў‑манапалістаў, якія сыбруюць з Пуціным – Дзерыпаска, Чэмезаў, Абрамовіч атрымалі мільярды даляраў дапамогі, і тым не менш, застаецца пытанне, чаго ў іх на сёння больш – актываў ці пазыкаў.

Каспараў звяртае ўвагу на дзівосны кантракт, які Крэмль нядаўна падпісаў з Кітаем. Гэта ўгода на продаж у Паднябесную нафты па супернізкай (менш за $20 за барэль) тэрмінам на 20 гадоў узамен за $25‑мільярдны крэдыт.
Магутныя краіны падпісваюць такія дамовы толькі калі ім нагвалт патрэбныя грошы тут і цяпер.

У Расіі разыгрываецца адчайны гамбіт, з дапамогай якога хоча ўратавацца карумпаваны рэжым. Пытанне толькі ў тым, ці Захад схоча фінансаваць уратаванне расійскай дыктатуры ці дазволіць ёй пасці, падсумоўвае Каспараў.

На думку Каспарава, каб адцягнуць увагу людзей ад росту цэнаў і масавых звальненняў, Пуцін здольны ажыццявіць чарговую замежную авантуру – грузінская прэлюдыя яму сышла з рук.

Усё адно, на думку лідэра расійскага незалежнага грамадства, іншым краінам трэба мець на ўвазе магчымасць масавых сацыяльных пратэстаў у Расіі і падзення пуцінізму.

Варта дадаць, што ў вялікіх гарадах Расіі рух за грамадзянскія свабоды «Другая Расія», адным з лідэраў якога стаў Гары Каспараў, мае пэўную падтрымку. Ён папулярны перадусім сярод студэнцтва, інтэлігенцыі, нацыянальных меншасцяў. Гэты рух кіруецца ідэаламі асабістае свабоды і прававое дзяржавы, на якіх грунтуецца еўрапейская цывілізацыя. Магчыма, ягоныя ідэі не настолькі безнадзейна чужыя расійскаму грамадству, як тое здаецца таму, хто сочыць за расійскай сітуацыяй праз прызму расійскага ТВ, калі ўлічыць, як асцервянела ўлады душаць любыя спробы руху арганізаваць публічныя акцыі ці фармаваць некантраляваныя выбарчыя спісы.

У Расіі ўся ўлада належыць клану Пуціна, які абапіраецца на нацыяналістычную партыю ўлады «Адзіная Расія». У органы заканадаўчай улады на ўсіх узроўнях уваходзяць невялікія фракцыі трох псеўдаапазіцыйных партый (сярод якіх камуністы і жырыноўцы), якія цалкам падзяляюць імперскія прынцыпы рэжыму.

У рух «Другая Расія» злучыліся старыя антысавецкія дысідэнты, выхадцы з дэмакратычных партый 1990‑х, сябры контрэлітных групаў і прадстаўнікі нацыянальных рухаў Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?