Вядома, гісторыя айчынных сіквэлаў мае традыцыю значна глыбейшую за амерыканскую.Яшчэ ў 1941 годзе Янка Купала стварыў працяг свайго блокбастэра «Хлопчык і лётчык» — «Хлопчык і лётчык на вайне». У дадатак, параўноўваць выкшталтаныя ўзоры сучаснай літаратуры на CD-кружэлцы з прыгодамі кантужанага в'етнамскага ветэрана, запісанымі на банальнай відэакасеце, проста смешна...
Але ж паспрабуем:
1. У «Рэмба-2» загінула 67 чалавек, 57 з якіх — ад рук галоўнага героя. У «Начной чытанцы-2» ж выступілі 50 літаратараў, усе дзякуй Богу жывыя, бо ўкладальнікі Ягор Маёрчык і Аляксей Знаткевіч вырашылі не браць на душу грэх. (І гэта нават пасля гадовай напружанай працы з беларускімі літаратарамі!) Сярод шчасліва ацалелых:
Празаікі:
Уладімір Арлоў
Вінцэсь Мудроў
Тацяна Барысік
Артур Клінаў
Ігар Сідарук
Паэты:
Анатоль Вярцінскі
Галіна Дубянецкая
Славамір Адамовіч
Віталь Рыжкоў
Алег Мінкін
2. «Рэмба-2» была прызнаная найгоршым фільмам году паводле «Залатой Маліны». «Начная чытанка-2» ніколі не будзе прызнананя найгоршай кружэлкай паводле ніводнага беларускага выдання, бо ўяўляеце, што такое 50 раз’юшаных літаратараў, якія грукаюцца ў дзверы вашай рэдакцыі? Наагул кажучы,
у нас найлепшая літаратура ў свеце. («Наша Ніва»©, усе правы на мантру абароненыя.)
3. Стужка «Рэмба-2» прынесла сваім стваральнікам 150 000 000 даляраў. Радыё «Свабода» «Начная чытанка-2» прынясе хіба дзіркі ад нулікаў, бо дыск распаўсюджваецца задарма.
Начная чытанка-2. 50 аўтараў з эфіру радыё «Свабоды». Укладанне Аляксея Знаткевіча і Ягора Маёрчыка. Бібліятэка радыё «Свабода». 2009.