Першы тэлеканал 9 сакавіка пачынае прэм’ерны паказ трэцяга сезона медыцынскага серыяла «Доктар Хаўс» (ЗША, 2007, 24 серыі).
Як паведамляе прэс‑служба Белтэлерадыёкампаніі, тэлегледачы ўбачаць працяг гісторыі аб працы каманды ўрачоў, якую ўзначальвае доктар Грэгары Хаус са своеасаблівым пачуццём гумару і арыгінальнымі спосабамі ўстанаўлення прычын хваробы.
Серыі ў 21:50, 00:50
У ролі хмурнага, але дасціпнага доктара‑мізантропа Хаўса — славуты англійскі акцёр, пісьменнік і музыкант Х’ю Лоры, вядомасць якому прынеслі, перш за ўсё, ролі ў брытанскіх камедыйных тэлесерыялах («Джыўс і Вусцер», «Чорная Гадзюка»). Серыял «Доктар Хаус» прынёс яму два «Залатыя глобусы» і вядомасць у ЗША.
У 2007 годзе каралева Елізавета II зрабіла акцёра афіцэрам Ордэна Брытанскай імперыі.
Як зазначае прэс‑служба, серыял з’яўляецца адным з самых папулярных у свеце. Паказ першага і другога сезонаў «Доктара Хаўса» пацвердзіў, што ў беларускай тэлеаўдыторыі серыял так жа сама папулярны: рэйтынгавыя паказчыкі прэм’еры Першага канала заставаліся высокімі на працягу ўсяго часу паказу, паведамляе прэс‑служба Белтэлерадыёкампаніі.