«Наша Ніва» апублікавала артыкул «Доўгая дарога агента «Бімбы», прысвечаны мосарскаму пробашчу кс. Ёзасу Бульку, які, як піша газета, у маладосці быў суперагентам МГБ і паводле літоўскіх следчых, мае дачыненне да забойства не менш як пяцідзесяці чалавек.

Потым з’явіліся яшчэ некалькі фактаў, якія яскрава характарызуюць мінулае кс. Булькі.

Цягам паўтара дзясятка год у Беларусі фармаваўся міф пра Мосар як пра такі райскі закуток, дзе ўсё прыгожа, усё па‑хрысьціянску, ніхто не п’е гарэлку,
а за гэтым усім стаіць надта ахвярны і пабожны ксёндз. Адпаведна, і глыбачане надта ганарыліся Мосарам.

«Не судзіце, і не судзімы будзеце», — гаворыць Евангельле. А ніхто й ня спрабуе судзіць. Невядома, які выбар зрабіў бы кожны з нас, калі б нас паставілі перад выбарам: «Альбо дапамагай нам забіваць іншых — альбо мы заб’ем цябе».

Сёньняшнія дзеі кс. Булькі ў Мосары таксама не такія, якія б хацелася бачыць.

Людзі, з якімі я там сустракаўся, расказвалі рознае. У Мосары ёсьць кветкі, але няма духоўнасьці, кажуць некаторыя людзі. Самі парафіяне называюць Мосар «духоўнай пустыняй».

Мяне ўразіла не мінулае кс. Булькі, і нават не ягоныя сёньняшнія дзеі ў парафіі.

Найбольш мяне ўразіла рэакцыя чытачоў на публікацыі. Вэрхал камэнтатараў на сайце «Нашай Нівы».

Многія лічаць, што праўду трэ было хаваць. Што патрэбна было патураць існаваньню несапраўдных стэрэатыпаў.

Шмат каму балюча ад таго, што міфы, у якія верыў, руйнуюцца, і людзі, якія былі аўтарытэтамі, аказваюцца зусім не такімі «белымі і пушыстымі», як здавалася. Шмат хто хацеў бы і найдалей бачыць кс. Бульку ахвярным сьвятаром і змагаром за духоўнае адраджэньне. Але рэчаіснасьць іншая.

І ня трэба жахацца, калі руйнуюцца старыя міфы. Гэта толькі чарговы раз паказвае, што ня трэба рабіць куміраў ані з людзей, ані з іх справаў.

Бо толькі ў Валадарстве Божым усё будзе ідэальна.

Кастусь Шыталь, westki.info

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0