Лідэр маладзёжнай арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі «Маладыя дэмакраты» Міхаіл Пашкевіч папярэджаны за парушэнне рэжыму адбывання пакарання.

Летась М.Пашкевіч быў прыгавораны судом Цэнтральнага раёна Мінска да двух гадоў абмежавання волі без накіравання ў месца адбывання пакарання. Ён павінен прытрымлівацца спецыяльнага рэжыму. Падчас адбывання пакарання дастаткова тройчы парушыць рэжым, каб была распачата вытворчасць на падставе арт. 415 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад адбывання пакарання ў выглядзе абмежавання волі). Пакаранне згодна з гэтым артыкулам — ад паўгода да трох гадоў пазбаўлення волі.

Як паведаміў БелаПАН М.Пашкевіч,

5 сакавіка ён ненадоўга затрымаўся на працы і ў выніку з‑за праблем з транспартам спазніўся дамоў на 20 хвілін.
«Гэта і паслужыла падставай для «правапарушэння», — сказаў М.Пашкевіч. Паводле яго слоў, супрацоўнікі міліцыі прыйшлі да яго дамоў праз восем хвілін пасля таго, як выйшаў час, калі ён павінен быў з’явіцца дома.

«Усе гэтыя праблемы пачаліся пасля таго, як я быў абраны старшынёй арганізацыі «Маладыя дэмакраты». 22 лютага прайшоў з’езд. Дагэтуль мяне паўгода не чапалі. Цяпер пачаліся праверкі, прычым дастаткова жорсткія», — зазначыў М.Пашкевіч.

* * *

Нагадаем, за ўдзел у акцыях пратэсту прадпрымальнікаў зімой 2008 года Аляксей Бондар, Арцём Дубскі, Міхаіл Пашкевіч, Павел Вінаградаў, Міхаіл Крываў, Аляксандр Стральцоў, Аляксандр Чарнышоў, Таццяна Цішкевіч і Міхаіл Субач былі прыгавораны да абмежавання волі на два гады без накіравання ў папраўчыя ўстановы. Антон Койпіш і Уладзімір Сяргееў — аштрафаваны на 100 базавых велічынь. Непаўналетні Максім Дашук быў прыгавораны да 1,5 года абмежавання волі, Андрэй Кім — да пазбаўлення волі на 1,5 года з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму на падставе двух артыкулаў: насілле ў дачыненні да супрацоўніка міліцыі і ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак. 20 жніўня А.Кім быў вызвалены ў адпаведнасці з указам прэзідэнта аб памілаванні.

БелаПАН

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0