13 сакавіка – 5 красавіка 2009 года. Адкрыццё – 13 сакавіка, 17.00 Дзяржаўны літаратурны музей Янкі Купалы, вул. Янкі Купалы, 4 Мінск

Хто сказаў, што мастакі не могуць пісаць?? Ужо адно толькі тое, што карціны яны не малююць, а менавіта «пішуць» павінна ўнесці сумненне ў права існавання такога выказвання. Мастакі пішуць: пішуць вобразамі, пішуць фарбамі, пішуць эмоцыямі, і нарэшце, яны сапраўды пішуць у літаральным сэнсе гэтага слова. Яны ўплятаюць літары ў палотны, выкладваюць кавалкі тэкста ў скульптуру, аб’ядноўваюць словы з вобразамі, каб пракласці трывалы мост між сабой і гледачом, каб рака думак бруіласся, не зрываючы апораў.

Ці ёсць межы ў мастацтва? Ці можна навязаць яму адзін і той жа спосаб існавання? Сёння ўжо нельга. Ідэя не павінна выбіраць: быць ёй візуальным вобразам, словам ці прасторавым элементам. Думка не павінна ўпірацца ў сцяну – яна разбурае гэту сцяну, выкарыстоўваючы ўсе магчымыя спосабы самавызначэння і ідэнтыфікацыі.

Выстаўка «Графема» – гэта выстаўка мастацтва, у якім знайшлося месца для літар, слоў і словазлучэнняў. Яна – доказ таго, што тэкст і выяўленчае мастацтва – гэта не розныя палюсы, гэта два ўзаемапранікаючых элементы, якія адкрываюць новыя шляхі для ўвасаблення той ці іншай ідэі.

Паняцце «Графема» паходзіць ад грэчаскага «grapho» — пішу. Гэта графічная форма, «шкілет» літары, уласцівая ёй як знаку. Яна дапамагае распазнаць літару незалежна ад індывідуальных і гістарычных почыркаў, незалежна ад розных шрыфтоў. Гэта ўнутраная ідэя літары, якая надзяляе яе асаблівай здольнасцю ў сукупнасці з іншымі перадаваць сэнс, думкі. Калі мастак у якасці формы выяўлення абірае тэкст, ён звяртаецца не да гукаў, якія таксама закладзены ў літары, а менавіта да графемы.

Выстаўка «Графема» уяўляе сабой калаж арт‑праектаў некалькіх беларускіх мастакоў, у кожным з якіх у той ці іншай форме, з той ці іншай мэтай прысутнічае тэкст. Гэтыя праекты ў розны час ужо былі прэзентаваны публіцы паасобку, але тут яны сабраныя разам у адзін калаж, каб у сукупнасці звярнуць увагу на такую форму мастацтва як «тэкст».

Як часта пісьменніку хочацца ўзяць у рукі пэндзаль, каб дапоўніць свой праект фарбамі і візуальнымі вобразамі, і як часта мастаку хочацца выкарыстаць слова, каб узмацніць эфект пэндзля. Чалавек шукае разнастайныя спосабы, каб перадаць гэтаму свету свае думкі і перажыванні. Бывае так, што неабходна спалучэнне розных спосабаў, каб свет адкрыў яшчэ адну геніальную ідэю.

У выстаўцы бяруць удзел:

Уладзімір Цэслер
Руслан Вашкевіч
Аляксей Лунёў
Аляксей Губараў
Міхаіл Гулін
Антаніна Слабодчыкава
Сяргей Кірушчанка

Тэкст у мастацтве – гэта не проста выкарыстанне новай тэхнікі, гэта канцэптуальны ход, які раскрывае пэўную ідэю. Менавіта гэтым быў абумоўлены выбар мастакоў – удзельнікаў выстаўкі. Усе выстаўленыя на выстаўцы работы – не асобна ўзятыя творы, дзе проста прысутнічае тэкст. Гэта – фрагменты цэлых «тэкставых» праектаў. Менавіта з гэтай прычыны да работ мастакоў будзе дадавацца тэкст канцэпцыі, каб глядач змог зразумець ідэю, закладзеную у кожным фрагменце.

Куратар выстаўкі – Хрысціна Сташкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?