У ноч на 9 сакавіка памёр заслужаны дзеяч мастацтваў Літвы, вядомы оперны спявак Лявон Мурашка.

Лявону Адамавічу Мурашку было 84 гады. Пахавалі яго сёння на Еўфрасіннеўскіх могілках Вільні, паведаміў літоўскі партал delfi.lt

***

Лявон Адамавіч Мурашка нарадзіўся 27 жніўня 1924 г. на гістарычнай Случчыне, у вёсцы Сіняўка (сёння гэта Клецкі раён Мінскай вобласці).

Бацька Лявона быў харавым рэгентам і яшчэ да вайны разам з сям’ёю пераехаў у Вільню. У бацькавым хоры Лявон і пачаў спяваць. Пазней ён вучыўся ў спевака «Ля Скалы» Сяргея Усціновіча, што паходзіў з Ашмянаў, затым — у слыннага літоўскага тэнара Кіпраса Пятраўскаса. А яшчэ ў гімназіі яму даваў урокі Канстанцін Галкоўскі.

У 1950 г. Лявон Мурашка скончыў Літоўскую дзяржаўную кансерваторыю, па спецыяльнасці оперны спявак, педагог. З 1944 па 1946 гг. — саліст Дзяржаўнага ансамбля песні і танцаў БССР пад кіраўніцтвам Р. Шырмы, з 1946 г. — саліст Літоўскай філармоніі (бас).

З 1950 па 1988 г — саліст Дзяржаўнага акадэмічнага тэатра оперы і балета Літоўскай ССР.

Лявон Мурашка з’ездзіў з канцэртамі паўсвету.

Апошнія дваццаць гадоў быў рэгентам архіерэйскага хору Свята‑Духавага манастыра ў Вільні.

Належаў да беларускага грамадскага руху ў Літве, кіраваў Згуртаваннем беларускіх грамадскіх суполак Літвы — парасонавай арганізацыяй, у якую ўваходзяць беларускія суполкі. Актыўна супрацоўнічаў з беларускай амбасадай.

Браў удзел у з’ездах беларусаў свету (за выняткам апошняга), быў сябрам Вялікай Рады ЗБС «Бацькаўшчына».

Кіраўнічка ЗБС «Бацькаўшчына» Алена Макоўская называе смерць Лявона Мурашкі вялікай стратаю для беларускай культуры Літвы.

Глядзі таксама:
Лявон Мурашка. Беларуская прысутнасць у Літве

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?